Расейскія чыноўнікі, мяркуючы па афіцыйных паведамленьнях, пакорліва выконваюць ўказаньне «нацыянальнага лідэра» аб ліквідацыі прадуктаў харчаваньня.
У Расеі кожны дзень зьнішчаецца ў сярэднім па 150 тон харчаваньня — такія дадзеныя прыводзіць Рассельгаснагляд, рапартуючы аб выкананьні ўказу прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ад 6 жніўня. Паводле ведамства, агульная колькасьць зьнішчанай расьліннай і жывёльнай прадукцыі, прызнанай кантрабандай, набліжаецца да 600 тон.
Да 15 жніўня затрымана і зьнішчана 550 тон расліннай харчовай прадукцыі. Затрыманая 321 тона харчовай прадукцыі жывёльнага паходжаньня, а 47 тон — зьнішчаныя, у тым ліку 576 кг прадукцыі, незаконна перавезенай у ручной паклажы, адзначаецца на сайце Рассельгаснагляду.
Зьнішчэньне харчаваньня выклікала незадаволенасьць у часткі расейскіх грамадзян. Пэтыцыя супраць ліквідацыі прадуктаў сабрала ў інтэрнэце амаль 370 тысяч подпісаў.