Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчыну «топлес» вінавацяць у хуліганстве, а мужчына на мыліцах трапіў у лякарню


Пра гэта паведаміла ўпраўленьне ўнутраных спраў Менаблвыканкама.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, да амапаўцаў, якія патрулявалі месцы адпачынку, падышла жанчына і сказала, што знаходзіцца на пляжы разам зь дзецьмі, а там загарае голая жанчына. Жанчыне, якая загарала топлес зрабілі заўвагу, і яна прыкрылася. Аднак, калі нарад зноў апынуўся ў тым месцы, жанчына зноў была без верху купальніка. Ёй прапанавалі прайсьці ў машыну, на што яна не пярэчыла.

У гэты момант жонка і муж з нагой у гіпсе, якія былі побач, сталі абурацца, спрабавалі здымаць тое, што адбываецца на відэа. У міліцыі БелаПАН сказалі, што ніхто да іх сілы не ўжываў і па просьбе гэтай пары была выкліканая «хуткая».

Адносна мужа і жонкі сабраны матэрыялы для ўзбуджэньня адміністрацыйнай адказнасьці за ўмяшальніцтва ў вырашэньне справы аб адміністрацыйным правапарушэньні і непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы.

Жанчына, якая загарала топлес, была затрыманая. Супраць яе склалі пратакол за дробнае хуліганства.

Чаму знаходжаньне на пляжы топлес расцэньваецца як дробнае хуліганства?

Прадстаўнік УУС Менаблвыканкама Аляксандар Гаробка сказаў БелаПАН, што згодна з арт. 17.1 КаАП дробным хуліганствам зьяўляецца ня толькі нецэнзурная лаянка ў грамадзкім месцы, абразьлівае прыставаньне да грамадзянаў, але і іншыя наўмысныя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак, дзейнасьць арганізацый або спакой грамадзянаў і выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадзтва.

Пра інцыдэнт на Менскім моры 8 жніўня распавядаецца і ў інтэрнэце.

45-гадовай жанчыне, якая адпачывала зь дзецьмі, не спадабалася, што адна з дзяўчат побач загарала топлес і яна выклікала міліцыю. Інцыдэнт здарыўся ў раёне неафіцыйнага нудысцкага пляжа. Супрацоўнікі АМАПу загадалі гэтай дзяўчыне сабраць рэчы, але за яе заступілася пара — дзяўчына і хлопец з загіпсаванай нагой і мыліцамі. Некаторыя карыстальнікі сеціва сьцьвярджалі, што супрацоўнікі міліцыі ўжылі да маладой пары грубую сілу і нават надзелі на іх кайданкі, а затым выклікалі хуткую дапамогу, бо малады чалавек заявіў, што яму зламалі нагу.

За загараньне топлес дзяўчыне пагражае штраф 5,4 млн, яе абаронцам — 9 млн рублёў, паведамляе Эўрарадыё. Юрыст Тамара

Тамара Сідарэнка
Тамара Сідарэнка

«Я лічу, што ў гэтым выпадку, можа, і ёсьць замах на грамадзкую маральнасьць, але ніякай грамадзкай небясьпекі ў ім няма, і тут цягне максымум на амаральную правіну. Дзяўчына ж не кідала выклік грамадзкай маралі, бо па гэтым пытаньні ў нашым грамадзтве ўсё ж такі меркаваньне разыходзіцца. Таму хуліганства я б тут не ўгледзела».

На відэа бачна, што жанчына і мужчына на мыліцах пасьля таго, як іх адштурхнулі міліцыянты, валяцца на зямлю. Прычым, жанчына ўвесь час трымаецца за шчаку. Паводле відавочцаў, жанчыну і мужчыну на мыліцах з пляжа забірала «хуткая».

«Яны запатрабавалі выклікаць хуткую. Яна прыехала і забрала жанчыну ды яе мужа з гіпсам, які пачаў казаць, што яму там па другім разе нагу зламалі,— сказаў супрацоўнік міліцыі Эўрарадыё. — Але на сёньня гэтая жанчына з бальніцы выпісаная, бо ў яе ніякіх траўм ды пашкоджаньняў няма. А муж яшчэ знаходзіцца ў бальніцы, бо ў яго нага ў гіпсе, і толькі сёньня бліжэй да вечара стане зразумела, што ў яго там. Але супрацоўнікі міліцыі працавалі ў межах закону і ніякай унутранай праверкі не праводзіцца».

Мужчына на мыліцах Валеры знаходзіцца ў шпіталі, лекары падазраюць пагаршэньне пералому пасьля бойкі на пляжы. Валеры каля 12 гадоў працаваў анэстэзіёлягам у шпіталі МУС. У інтэрвію onliner.by ён распавёў, што амапавец схапіў яго жонку і пачаў «літаральна цягнуць па пяску».

«Я падхапіў свае мыліцы і „паскакаў“ да іх. Дацягнуўся да амапаўца і тут жа атрымаў штуршок у грудзі. Другі накінуўся на мяне і стаў выкручваць рукі, нават за газавы балёнчык хапаўся. Калі людзі вакол пачалі абурацца — ён зь мяне зьлез. Вікторыя кажа, што ўсе самі пайшлі ў машыну, насамрэч на жонку надзелі кайданкі і павялі пад рукі, „ластаўкай“. Вы мне скажыце, з кім там было так „бадацца“? Знайшлі злачынцаў. Нарэшце, да нас падышоў лейтэнант міліцыі, з якім можна было хоць неяк размаўляць, у адрозьненьне ад двух сяржантаў. Я папрасіў выклікаць хуткую, таму што падазраваў пералом, дрэнна стала і жонцы — крыху пазьней у лякарні ў яе зафіксавалі сьляды удараў», — распавёў Валеры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG