Як перадае зь Лёндану карэспандэнт Радыё Свабода Натальля Галіцына, на заключным пасяджэньні адкрытай часткі публічных слуханьняў у справе аб забойстве Аляксандра Літвіненкі — пад старшынствам судзьдзі-каранэра сэра Робэрта Оўэна — выступілі адвакат сям’і Літвіненка Бэн Эмэрсан і юрыдычны дарадца судзьдзі Робін Там.
У заключным слове Эмэрсан абвінаваціў расейскую дзяржаву і асабіста Уладзіміра Пуціна ў забойстве Літвіненкі. Паводле яго, навуковая экспэртыза даказала, што Літвіненку забілі агенты Крамля Андрэй Лугавы і Дзьмітры Коўтун, якім Крэмль перадаў атруту.
Эмэрсан настойваў, што Пуцін і яго асяродзьдзе наўпрост зьвязаныя з арганізаванай злачыннасьцю. Ён назваў расейскага прэзыдэнта «ў вышэйшай ступені ізаляваным ад сьвету дробным дэспатам і псыхічна неўраўнаважанай амаральнай асобай».
Брытанскі адвакат падкрэсьліў, што калі за забойства адказнасьць нясе расейская дзяржава, дык непазьбежна за гэта адказвае і Ўладзімір Пуцін, які — як настойвае Бэн Эмэрсан — асабіста аддаў загад аб ліквідацыі Літвіненкі.
Юрыдычны дарадца дазнаньня Робін Там абвясьціў аб завяршэньні адкрытай часткі публічных слуханьняў, пасьля якой пачнецца іх закрытая частка, дзе будуць разгледжаны сакрэтныя дакумэнты брытанскіх спэцслужбаў і паказаньні іх агентаў.