Вырасла толькі інфляцыя
Паводле апублікаваных Белстатам афіцыйных зьвестак, ВУП Беларусі за першае паўгодзьдзе зьнізіўся на 3,3% пры гадавым прагнозе росту 0,2–0,7%. Пры гэтым у Віцебскай вобласьці падзеньне ВУП і склала 6,3%.
Прадукцыйнасьць працы ўпала на 1,5%, хоць паводле гадавога прагнозу павінна вырасьці на 1,5–2%.
Экспарт беларускіх тавараў і паслуг згодна з гадавым прагнозам павінен зьнізіцца на 3,6–4%, аднак ужо цяпер абрынуўся на 25,9%.
Інфляцыя за першае паўгодзьдзе склала 7,3%, пры гадавым прагнозе ня больш за 12%.
Сярод харчовых тавараў больш за ўсё вырасьлі цэны на садавіну (47,9%), бульбу (44,9%), алей (25%), а таксама рыбу і морапрадукты (20,3%). Кошт жыльлёва-камунальных паслуг з пачатку года вырас на 19,9%.
Прамысловая вытворчасьць за першыя шэсьць месяцаў 2015 года ўпала на 7,4%. Пры гэтым кошты на прамысловую прадукцыю выраслі на 10,3%, а ў сфэры аптовых продажаў — на 25,7%.
Працягваюць расьці складзкія запасы
У Беларусі запасы гатовай прадукцыі ў адносінах да сярэднямесячнага аб’ёму прамысловай вытворчасьці складаюць 77,1%. Пры гэтым у Менску гэты паказчык — 133,5%.
Найбольш цяжкае становішча ў пытаньні складскіх запасаў назіраецца ў наступных сфэрах:
— у галіне вытворчасьці машын і абсталяваньня запасы складаюць 247,4% у адносінах да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці (23,5% усёй гатовай прадукцыі ў краіне),
— у тэкстыльнай і швэйнай вытворчасьці — 262,1%,
— у дрэваапрацоўчай прамысловасьці — 173,3%,
— у фармацэўтычнай галіне — 152,7%.
Сумарная запазычанасьць арганізацый прамысловасьці з пачатку года вырасла на 20,3%, пры гэтым запазычанасьць па крэдытах і пазыках — на 22%.
Экспарт у Эўразьвяз упершыню перавысіў экспарт у Расею
У зьнешнім гандлі ўпершыню аб’ём беларускага экспарту ў Эўразьвяз перавысіў экспарт у Расею — у студзені-траўні ён склаў 36,5% і 36,3% адпаведна. Пры гэтым аб’ём экспарту ў Расею за год упаў на 3,6%, а экспарт у ЭЗ вырас на 3,7%.
Адначасова вырас імпарт з Расеі з 55,9% да 58,3% і зьнізіўся імпарт з ЭЗ — з 23,1 да 18,7%.
Асноўнымі гандлёвымі партнэрамі Беларусі ў студзені-траўні 2015 года зьяўляліся Расея — 47,8% ад усяго аб’ёму тавараабароту, Вялікабрытанія — 7,8%, Украіна — 5,3%, Кітай — 4,8%, Нямеччына — 4, 3%, Польшча — 3,4%, Літва — 2,2%, Нідэрланды — 1,9%, Бразілія — 1,4%, Італія — 1,3%.