Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Рубцоў спыніў галадоўку, але зьбіраецца далей абскарджваць прысуд


Юры Рубцоў у пружанскім судзе, архіўнае фота
Юры Рубцоў у пружанскім судзе, архіўнае фота

Грамадзкі актывіст Юры Рубцоў намераны і далей абскарджваць прысуд у два гады зьняволеньня, які вынес яму Пружанскі раённы суд за адмову ад адбыцьця «хіміі». 24 ліпеня Берасьцейскі абласны суд касацыйную скаргу Юрыя Рубцова не задаволіў, і такім чынам прысуд адносна Рубцова ўступіў у сілу.

«Муж пракамэнтаваў гэтак, што іншага і не чакаў, але не зьбіраецца скарацца і будзе падаваць скаргу далей, у Вярхоўны Суд. Ён па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым», — паведаміла карэспандэнту Сввабоды жонка актывіста Ядвіга Рубцова. Жанчына спаслалася на зьвесткі ад адваката, якая 24 ліпеня наведала Юрыя Рубцова ў баранавіцкім сьледчым ізалятары.

У пачатку ліпеня ад адваката было вядома, што Рубцоў трымае галадоўку пратэсту. Ці працягваецца галадоўка? Паводле зьвестак Ядвігі Рубцовай, яе муж галадоўку спыніў больш за тыдзень таму. «Адвакат сказала, што выглядае нармальна, на стан здароўя ня скардзіцца. А што да ўмоў утрыманьня, дык ужо рыхтуецца да іншага месца», — паведаміла жонка актывіста.

Куды накіруюць Юрыя Рубцова для адбыцьця пакараньня, пакуль невядома. «Хацелася б, каб куды бліжэй да Гомеля, але сумняваюся. Калі яго накіроўвалі на „хімію“, дык мы прасілі накіраваць бліжэй да дому, але атрымалася як мага далей. Але ўсё роўна напішу заяву», — сказала Ядвіга Рубцова.

Актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў быў пакараны 1,5 гадамі «хіміі» за тое, што назваў падонкам судзьдзю Савецкага раённага суду Менску Кірыла Палулеха, які судзіў яго пасьля Чарнобыльскага шэсьця ў паўразьдзетым выглядзе. У красавіку 2014 году Юры Рубцоў удзельнічаў у Чарнобыльскім шляху, на ім была майка з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Пасьля шэсьця міліцыянты затрымалі актывіста, сарвалі зь яго майку і гэтак прывезьлі ў суд. На «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну Юры Рубцоў зрабіў на грудзях тату з такім жа надпісам «Лукашэнка, сыходзь» і адмовіўся выйсьці на працу зь нізкім заробкам. Юры Рубцоў патрабаваў прадастаўленьня яму працы, якая б адпавядала заяўленаму Аляксандрам Лукашэнкам сярэдняму заробку па краіне ў 500 даляраў, але такой працы ў Пружанскім раёне для Юрыя Рубцова не знайшлі. За адмову выходзіць на працу адміністрацыя спэцкамэндатуры ў Купліне завяла на актывіста крымінальную справу паводле артыкулу аб ухіленьні ад адбыцьця пакараньня. Суд Пружанскага раёну прызнаў Юрыя Рубцова вінаватым па гэтым артыкуле.

«Міжнародная амністыя» прызнала Юрыя Рубцова палітвязьнем. Беларуская апазыцыя і праваабаронцы патрабуюць тэрміновага вызваленьня Юрыя Рубцова, як і вызваленьня іншых палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG