Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Дзядок сядзіць у камэры, дзе на двух вязьняў — пяць квадратных мэтраў


Мікалай Дзядок, архіўнае фота
Мікалай Дзядок, архіўнае фота

Пасьля 42 дзён карцэру палітвязьня Мікалая Дзядка на паўгода зьмясьцілі ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Пра гэта бацька актывіста Аляксандар Дзядок даведаўся зь ліста сына, які атрымаў днямі.

«Прыйшлі ад яго лісты сваякам, у тым ліку мне. Знаходзіцца ён цяпер у ПКТ. Накіравалі туды на 6 месяцаў з 30 чэрвеня. Зараз да яго ў камэру зьмясьцілі яшчэ аднаго чалавека. Камэра вельмі малая — 5 квадратных мэтраў. Адчувае сябе нібыта нармальна, але як насамрэч... На наступным тыдні да яго паедзе адвакат, тады даведаемся пра нейкія падрабязнасьці», — распавёў Аляксандар Дзядок.

Нядаўна да палітвязьня Мікалая Дзядка двойчы не дапусьцілі адваката. Першы раз, гэта было 25 чэрвеня, пасьля 15 хвілін спынілі размову і паабяцалі працягнуць пасьля абеду, але абяцаньня ня выканалі. На наступным тыдні ўвогуле не дазволілі сустрэчу з абаронцам — на той падставе, што нібыта Мікалай Дзядок не напісаў неабходнай заявы. Вядома, што адвакат абскардзіў гэтыя дзеяньні супрацоўнікаў калёніі. Як адрэагавалі на гэтыя скаргі?

Аляксандар Дзядок, бацька Мікалая Дзядка
Аляксандар Дзядок, бацька Мікалая Дзядка

«Нічога не прызналі. Па першым выпадку адказалі, што не працягнулі сустрэчу нібыта таму, што ён ужо скарыстаўся магчымасьцю кантактаваць з адвакатам, бо меў размову цягам гадзіны. Але насамрэч было толькі 15 хвілін. А што да другой адмовы, настойваюць, што Мікалай нібыта ўвогуле не падаваў заявы. Хоць цяпер мы дакладна ведаем, што гэта хлусьня, ён падаў заяву як мае быць. То бок зноў падман ды незаконны ціск. І, мяркую, гэты ціск будзе працягвацца, але і мы будзем на гэта рэагаваць. Будзем і далей зьвяртацца, куды толькі магчыма, у выпадку, калі будуць парушаць правы Мікалая», — сказаў бацька палітвязьня.

У лісьце Мікалай Дзядок падлічыў, што за травень-чэрвень прабыў у карцэры агулам 42 дні. Пасьля выхаду з ШЫЗА яму перадалі адразу 31 ліст, якія набраліся, пакуль ён сядзеў у карцэры. «Цяпер адказвае ўсім, хто яму напісаў», — паведаміў пра сына Дзядок-старэйшы.

Актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка ў лютым пакаралі яшчэ адным годам зьняволеньня нібыта за парушэньне турэмнага рэжыму. Тады да вызваленьня Дзядку заставалася ўсяго некалькі дзён. Раней яго асудзілі на 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. У судзе сваёй віны Мікалай Дзядок не прызнаў, а ў калёніі адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Заканчэньне тэрміну ў 4,5 года Мікалай Дзядок адбываў у магілёўскай крытай турме, цяпер палітвязьня ўтрымліваюць у калёніі ў Горках, якая паводле ўмоваў лічыцца адной з самых жорсткіх у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG