Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэнскія гастарбайтэры ў Менску спынілі пратэст з-за дрэннага хлеба


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

9 ліпеня на будоўлі амбасады Туркмэністану, што ўзводзіцца ў Менску ў так званым «пасольскім квартале» ў раёне вуліцы Арлоўскай і праспэкту Пераможцаў, здарыўся інцыдэнт: гастарбайтэры адмовіліся працаваць з прычыны дрэннай якасьці хлеба, які ім прывезьлі на абед.

А для туркмэнаў хлеб — сьвяты прадукт. Будаўнікі спынілі працу, і частка зь іх зьехала прыкладна аб 11-й гадзіне раніцы ў інтэрнат. Некаторыя засталіся працаваць на аб’екце.

Кіраўніцтва будоўлі, генпадрадчык — АО «Ronesans Turkmen Insaat Sanayi we Tijaret Anonim Sikreti» — сытуацыю камэнтаваць адмовілася.

Прадстаўніца амбасады Туркмэністану ў Беларусі пацьвердзіла, што ведае пра выпадак, і запэўніла, што інцыдэнт вычарпаны:

«Але туркмэнскія будаўнікі ў амбасаду са скаргамі не зьвярталіся, яны вырашаюць свае праблемы на месцы. З выплатай заробкаў у будаўнікоў праблемаў не было, на ўмовы працы і пражываньня ў Менску нашы суайчыньнікі ніколі ня скардзіліся.

Да таго ж на ўліку ў амбасадзе будаўнікі, якія працуюць на ўзьвядзеньні новага будынку амбасады, не стаяць, бо яны афіцыйна працаўладкаваныя згодна зь беларускім заканадаўствам, маюць працоўныя візы».

Паводле прадстаўніцы амбасады, у пятніцу ўсе будаўнікі на працу выйшлі. Колькі ўсяго туркмэнаў працуе на будоўлях Беларусі, суразмоўніца ня ведае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG