З ліпеня на радавых могілках у вёсцы Сьцяг Працы Гомельскага раёну ўсталяваны помнік Міхасю Жызьнеўскаму — Герою Нябеснай сотні, загінуламу ва ўкраінскай сталіцы падчас рэвалюцыі годнасьці і свабоды. Манумэнт з барыльефам героя, украінскім Трызубцам і гістарычным беларускім гербам «Пагоня» ўяўляе раскрытую кнігу, у якой левая старонка з чорнага граніту, а правая — з чорна-чырвонага. На ёй чатырохрадкоўе зь верша Эдуарда Акуліна:
Калі забіваюць сына —
Ня здацца сябе прымусь...
Па сэрца ў крыві Україна,
Па вочы ў сьлязах Беларусь...
На надмагільнай пліце высечаны па-беларуску словы: «Героі не паміраюць. Памяці Міхася Жызьнеўскага».
Гомельскія грамадзкія актывісты прывезьлі помнік напярэдадні зь Менску. Яго аўтар — вядомы беларускі скульптар, жывапісец, сябра мастакоўскай суполкі «Пагоня» Алесь Шатэрнік.
Сродкі на выраб манумэнту Жызьнеўскаму сабраны беларускаю грамадою ў розных гарадах — ад Гомеля да Гародні, ад Магілёва да Берасьця.
Да гэтага спрычыніўся гомельскі грамадзкі актывіст Кастусь Жукоўскі:
«На мой погляд, гэты помнік сапраўды народны. Грошы на яго ахвяраваў беларускі народ — звычайныя гамельчукі, менчукі, гарадзенцы. Ахвяравалі на яго людзі з Варшавы, Злучаных Штатаў Амэрыкі. Беларусы паказалі гэтым помнікам, што яны ёсьць. Гэта быў наш сьвяты абавязак яго зрабіць, менавіта беларусам. Калі б мы не зрабілі помнік першаму сапраўднаму герою новага стагодзьдзя, то хіба мы былі б народам? Хіба мы маглі б людзьмі звацца? Гэты помнік сьведчыць пра тое, што мы ёсьць, што мы людзі, і мы шануем сваіх сапраўдных герояў».
Гэты помнік сьведчыць пра тое, што мы ёсьць, што мы людзі, і мы шануем сваіх сапраўдных герояў
Адна з ініцыятараў супольнага вырабу помніка, кінарэжысэрка, дакумэнталістка Вольга Мікалайчык зь Менску:
«Адчуваю ўнутранае задавальненьне ад таго, што ў беларусаў ёсьць куды прыйсьці — да Героя. У 21-е стагодзьдзе Госпад паслаў героя Міхася Жызьнеўскага, каб людзі ведалі, за якой ідэяй ісьці — самаахвярнасьці, памяці, змаганьня і свабоды. Ёсьць помнік і ёсьць сьцежка да яго. І ёсьць ідэя, за якую Міхась аддаў сваё жыцьцё. І мы мусім сюды хадзіць, каб сьцежка не зарастала, а стала сапраўды народнаю да народнага помніка — героя Ўкраіны і Беларусі».
Калі грамадзкія актывісты і найманыя спэцыялісты з будаўнічай тэхнікай усталявалі помнік, на могілкі прыехалі бацькі Міхася Жызьнеўскага. Прывезьлі букет чырвоных ружаў. Ніна Васільеўна пагладзіла барыльеф сына і падзякавала ўсім, хто спрычыніўся да вырабу помніка сыну, пахаванага тут у студзені 2014 году:
«Гляджу на помнік — добра ён зроблены. Прыгожы помнік. Я ўдзячна людзям, што зрабілі яго сумленна, ад чыстага сэрца. Я вельмі ўсім ўдзячна. Добры помнік».
З могілак бацькі Жызьнеўскага выправіліся ў Гомель, каб застрахаваць манумэнт. Урачыстае адкрыцьцё помніка Герою Нябеснай Сотні з удзелам прадстаўнікоў украінскай амбасады ў Менску мае быць 7 ліпеня.
Міхась Жызьнеўскі быў забіты стрэлам у сэрца 22 студзеня падчас беспарадкаў на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. МУС Украіны пацьвердзіў, што Жызьнеўскі памёр ад агнястрэльнага раненьня. Міхась Жызьнеўскі быў пасьмяротна ўганараваны ордэнам Герояў Нябеснай Сотні.