Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч не выключае байкоту


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Палітвязень Мікалай Статкевіч даў згоду на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты.

Пра гэта ён напісаў у лісьце да жонкі — Марыны Адамовіч.

Палітвязень адзначыў, што «аб’яднацца для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі дэмакратычныя сілы ня здолелі і ўжо ня здолеюць».

Паводле Статкевіча, тыя дэмсілы, якія вылучаюць сваіх кандыдатаў, «нічога ўцямнага пра мэты свайго ўдзелу, як і пра яго стратэгію, сказаць ня могуць».

У гэтай сытуацыі ён даў згоду на фармаваньне ініцыятыўнай групы па вылучэньні яго кандыдатам у прэзыдэнты. З гэтай прапановай да яго зьвярнуліся калегі па «Народнай Грамадзе» і «Эўрапейскай кааліцыі».

«А пасьля гарантаванай адмовы ў яе рэгістрацыі абвясьціць байкот, — адзначае Мікалай Статкевіч. — Не лічу, што такая стратэгія прынясе зараз істотны практычны вынік. Апошні раз падтрымліваў байкот у асобных акругах, дзе адмовілі ў рэгістрацыі нашым кандыдатам, на парлямэнцкіх выбарах 2000 году. Тады ўдалося сарваць выбары ў тых акругах. Але ж пасьля гэтага рэальных выбараў у Беларусі больш не было, толькі іх імітацыя. Нельга сарваць тое, чаго няма».

Ён адзначыў, што разумее матывы ініцыятараў свайго вылучэньня.

«Людзі прыстойныя і з актыўнай пазыцыяй ня могуць як удзельнічаць у яўнай клаўнадзе, так і быць убаку ад палітычных падзеяў, — піша Мікалай Статкевіч. — У самай складанай сытуацыі галоўнае — захаваць сваю маральную пазыцыю. Бо гэта значыць захаваць сябе як асобу. Не магу адмовіць людзям, якія неаднаразова сьцьвярджалі сваю годную пазыцыю ў жорсткіх умовах, у іх праве зрабіць гэты маральны жэст. Бо калі дэмакратычныя сілы будуць толькі „ўвасабляць жаданьне міру“, то што тады застанецца ад дэмакратычных сілаў?»

25 чэрвеня прадстаўнікі структураў, якія падтрымалі ідэю вылучыць Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты, вырашылі аб’яднаць свае намаганьні і стварылі адзіную ініцыятыўную групу. Яе кіраўніцай аднагалосна абралі Марыну Адамовіч.

«Мы разглядаем любыя варыянты. І найбольш верагодныя, і самыя неверагодныя. Мы гатовыя дзейнічаць у любых умовах, — сказала карэспандэнту Свабоды Марына Адамовіч.

Яна не выключае, што гэтая кампанія можа паспрыяць вызваленьню ня толькі Мікалая Статкевіча, але і астатніх палітвязьняў.

«Але сам Мікола не разглядае гэта як шанец на сваё датэрміновае вызваленьне. Хутчэй наадварот, ён гатовы чарговым разам падставіць сваю сьпіну, каб яшчэ ярчэй выявіць тыя праблемы з правамі чалавека, захаваньнем законнасьці і з усім, што вынікае з праблемы легітымнасьці ўлады цягам прынамсі апошніх кампаніяў. Мікола не разглядае гэта ні як сродак самапіяру, ні як мажлівасьць свайго датэрміновага вызваленьня. Ён прымаў гэтае рашэньне сьвядома, разумеючы, што яно можа яму дастаткова дорага каштаваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG