Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: Разгонам акцыяў у Ерэване кіравалі з Крамля


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі кажа, што забурэньні ў Ерэване выкліканыя палітычнымі чыньнікамі — людзі выйшлі пратэставаць супраць засільля расейскага капіталу ў Армэніі.

— Якая, на ваш погляд, прырода пратэстнай акцыі ў Армэніі — эканамічная, зьвязаная з павышэньнем тарыфаў на электраэнэргію, ці палітычная, зьвязаная зь незадаволенасьцю рэжымам прэзыдэнта Сержа Саргсяна?

— Любыя, здавалася б, эканамічныя пратэстныя акцыі заўсёды маюць палітычны падтэкст. У Армэніі багата чыньнікаў сьведчаць пра тое, што тысячы людзей вывела на плошчу ня толькі павышэньне кошту электраэнэргіі, але і агульная напружанасьць у армянскім грамадзтве, незадаволенасьць палітыкай прэзыдэнта. Згадваючы беларускі досьвед масавых акцыяў канца 80-х — пачатку 90-х гадоў, можна адзначыць, што вельмі хутка эканамічныя патрабаваньні набываюць палітычны кантэкст і становяцца палітычнымі. У краінах з адсутнасьцю стабільнай дэмакратыі і ў рознай ступені аўтарытарнымі рэжымамі любыя эканамічныя хваляваньні вельмі шчыльна зьвязаныя з адносінамі паміж уладамі і грамадзтвам, найперш той яго часткай, якая незадаволеная палітыкай уладаў. Зрэшты, і павышэньне тарыфу на электраэнэргію ў Армэніі адбылося ў выглядзе ўльтыматуму з боку расейскай кампаніі, якая валодае армянскім энэргетычным комплексам. Таму ў самым пачатку пратэст гэты — супраць засільля расейскага капіталу ў Армэніі. Выходзіць, што кіраўніцтва Армэніі падтрымала расейскі бок, а грамадзтва выступіла супраць такой залежнасьці ад Расеі.

— Што вам вядома пра палітычны рэжым у Армэніі? Ці дае ён падставы для таго, каб вялікая колькасьць людзей хацела пераменаў?

— Цягам апошніх гадоў у Армэніі прайшлі пэўныя рэформы, і становішча з правамі чалавека не такое цяжкае, як у Беларусі. Прынамсі, калі ў 2010 годзе мы там праводзілі зьезд Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, адной з умоваў правядзеньня гэтага важнага мерапрыемства было вызваленьне некалькіх палітычных зьняволеных, якія на той час былі за кратамі ў Армэніі. У выніку аднаго чалавека перад зьездам выпусьцілі. Пазьней выпусьцілі і рэшту.

Але апошнім часам зноў адбыліся затрыманьні за палітычныя погляды і грамадзкую дзейнасьць, зьявіліся крымінальныя справы ў дачыненьні да актывістаў. То бок быў працэс лібэралізацыі палітычнай і грамадзкай сытуацыі ў Армэніі, але прыкладна два гады таму ён спыніўся.

Гэтае спыненьне зьвязанае з уціскам правоў чалавека ў Расеі. Хваля жорсткага стаўленьня да палітычных апанэнтаў распаўсюджваецца з Расеі і накрывае суседнія краіны. А калі ўлічыць, што Армэнія вызначылася са сваім палітычным курсам, увайшоўшы ў Эўразійскі эканамічны саюз, які будуецца як геапалітычная супрацьвага Эўрапейскаму Зьвязу, то, такім чынам, у Армэніі адбываецца адкат ад тых дасягненьняў, якіх Армэнія дамаглася ў апошнія гады.

Дэманстрацыя ў Ерэване разганялася клясычным чынам, і можна казаць пра непрапарцыйнае ўжываньне сілы да дэманстрантаў і журналістаў.

Я думаю, што армянскія ўлады спынялі пратэст пад пэўным кантролем расейскіх спэцслужбаў. Пра гэта сьведчыць хаця б выказваньне прэс-сакратара расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Пяскова, што Расея вельмі ўважліва назірае за тым, што адбываецца ў Ерэване. Гэта кажа пра тое, што расейскія ўлады разглядаюць Армэнію як падкантрольную краіну. Параноя і боязь любой грамадзкай актыўнасьці, верагодна, абмяркоўваецца і на ўзроўні кіраўніцтва Расеі і Армэніі. А мэтады здушэньня гэтай актыўнасьці дыктуюцца армянскаму кіраўніцтву з Крамля.

— Ці можна казаць пра трэнд на жорсткае здушэньне масавых акцыяў пасьля Майдана?

— Трэнд на здушэньне любой грамадзкай актыўнасьці назіраецца ўжо даўно, пасьля Майдана. Пра гэта сьведчаць і справаздачы міжнародных праваабарончых арганізацыяў. Аўтарытарныя ўлады ў постсавецкіх краінах зь вялікай боязьзю ставяцца да любой грамадзкай актыўнасьці і душаць такую актыўнасьць. Гэтыя тэндэнцыі захапілі і Армэнію, якая ўсё ж спрабавала выбудаваць больш-менш цывілізаваныя адносіны паміж уладамі і апазыцыяй.

— Чым, на вашу думку, скончацца забурэньні ў Ерэване?

— Цяжка сказаць, улічваючы тое, што перамоўны працэс паміж прэзыдэнтам і актывістамі пакуль не пачаўся. Паглядзім, што будзе далей. Мне асабіста хацелася б, каб усё абышлося без крыві, каб яны знайшлі разумнае выйсьце і вырашылі ня толькі гэты канкрэтны канфлікт, а каб армянскае грамадзтва стала больш скансалідаваным, каб былі знойдзеныя новыя пункты судакрананьня для далейшага разьвіцьця армянскай дэмакратыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG