Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Эўрапарлямэнту сустрэлася зь лідэрамі беларускай апазыцыі


У Менску з працоўным візытам знаходзіцца дэлегацыя Эўрапарлямэнту. Напярэдадні эўрадэпутаты спаткаліся з прадстаўнікамі ўрадавых колаў краіны, сёньня адбылася сустрэча зь лідэрамі апазыцыйных палітычных партыяў і рухаў.

Пра зьмест перамоваў Свабодзе паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Разам са мной удзел у сустрэчы прымаў таксама намесьнік старшыні «Справядлівага сьвету» Ўладзімер Ухналёў, сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец, лідэры руху «Гавары праўду» — Андрэй Дзьмітрыеў, БСДП «Грамада» — Ірына Вештард, Магчыма, хтосьці з запрошаных палітыкаў зь нейкіх прычын ня здолеў прысутнічаць на сустрэчы, бо мне невядома, хто менавіта быў запрошаны яшчэ.

З боку эўрапейскай дэлегацыі ўдзел узялі восем парлямэнтароў з розных краін — гэта былі прадстаўнікі Латвіі, Польшчы, Фінляндыі і іншых краін.

Прадстаўнікі Эўрапарлямэнту найперш падзяліліся сваімі ўражаньнямі ад сустрэчаў, якія яны мелі ў Міністэрстве юстыцыі і ЦВК. Я адмыслова запытаўся, ці была сустрэча з дэпутатамі і на якой тэрыторыі яна адбывалася. Адзін з эўрапарлямэнтароў адказаў, што яны сустракаліся з прадстаўнікамі толькі верхняй палаты. І гэта было зроблена адмыслова, бо яны не прызнаюць беларускі парлямэнт, гэтак званую ніжнюю палату, якая нібыта была выбраная грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. А верхнюю палату яны разглядаюць як частку адміністрацыі — такое было тлумачэньне.

Яны адэкватна рэагуюць на сытуацыю, адэкватна рэагуюць на заявы, якія былі зробленыя ў тым жа ЦВК. Там спадар Лазавік патрасаў у паветры сьпісам прадстаўнікоў апазыцыі, якія, паводле ягоных словаў, зьяўляюцца «крыміналітэтам». Маўляў, вось каго прапануе ў камісіі апазыцыя — гэта крыміналітэт, а таму іх там сёньня і няма. Гэта выклікала толькі ўсьмешкі прадстаўнікоў дэлегацыі, паколькі большасьць зь іх — з пасьлясавецкай і пасьлясацыялістычнай прасторы і добра разумеюць, які гэта «крыміналітэт». Я казаў, што ў гэткім выпадку я сам — таксама прадстаўнік гэтага «крыміналу», бо неаднаразова быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці і нават кнігу напісаў, калі знаходзіўся ў турме.

У Міністэрстве юстыцыі на заяву чыноўнікаў, што ў нас зарэгістравана аж пятнаццаць партыяў, адзін з эўрапарлямэнтароў з Латвіі заўважыў: чаму ж тады ў вас у парлямэнце няма дзесяці ці хаці б пяці фракцыяў? На што намесьніца міністра не знайшла што адказаць. Яны добра разумеюць сытуацыю.

Я зьвярнуў увагу на тое, што трэба ўзяць пад кантроль — гэта фармаваньне ініцыятыўных групаў. Мы прагназуем, што ціск будзе толькі ўзмацняцца, а ён ёсьць ужо сёньня — на асобных прадпрыемствах людзей ужо выклікаюць і кажуць, што, маўляў, вы ж не надумайцеся ўваходзіць у «няправільныя» ініцыятыўныя групы. Другое — гэта рэгістрацыя, бо нават збор ста тысяч подпісаў за кандыдата не дае гарантыі, што ён будзе зарэгістраваны. Ну і, натуральна, фармаваньне камісіяў і падлік галасоў.

Эўрадэпутаты падзякавалі за дакладна сфармуляваныя прапановы пра тое, на што перадусім яны маюць зьвяртаць увагу. Яшчэ адна тэма, на якую я зьвярнуў увагу, — дапамога, якая ідзе ў Беларусь з Эўразьвязу. Я наноў прывёў прыклады, што гранты Эўразьвязу пайшлі на судовую сыстэму і самакіраваньне, якія застаюцца прадзяржаўнымі і не зьяўляюцца свабоднымі і незалежнымі. Гэта кансэрвацыя сытуацыі, а не перамены ў Беларусі. Як паведаміў Анджэй Здраеўскі, эўрадэпутаты ўжо заняліся разглядам гэтага пытаньня, наколькі эфэктыўная гэтая дапамога, якая ідзе з Эўразьвязу для Беларусі. Гэта вельмі важна, і гэта тое, чаго я асабіста дамагаўся апошнім часам. І калі працоўная група па Беларусі будзе займацца гэтай праблемай, то ня будзе такіх сытуацыяў, калі, да прыкладу, сем мільёнаў эўра ідзе на мясцовае самакіраваньне, а на той жа тэлеканал «Белсат» падтрымкі няма.

Таму ёсьць задаволенасьць гэтай сустрэчай, і думаю, што яна была карысная ўзаемна. Дамовіліся, што таксама будзем кантактаваць у працоўным парадку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG