Каб заблякаваць той ці іншы інтэрнэт-рэсурс, адпаведным чынам канфігуруецца фаервол — праграмнае забесьпячэньне, якое прапускае або блякуе дадзеныя, якія перадаюцца праз кампутарныя сеткі.
Да прыкладу, ёсьць нейкая гіпатэтычная краіна і ёсьць пэўная колькасьць інтэрнэт-правайдэраў, якія гэтую краіну абслугоўваюць. Улады могуць загадаць правайдэрам заблякаваць адрасы «непажаданых сайтаў». І калі набраць такі адрас у браўзэры, на тыя сайты ня трапіш.
Паводле адмыслоўцаў, блякаваньне разьлічанае пераважна на людзей, якія недастаткова дасьведчаныя, каб яго абысьці.
У дадзеным выпадку знаўцы раяць розныя спосабы выйсьця з сытуацыі. Найперш, можна выкарыстаць гэтак званыя проксі-сэрвэры, якія адкрыюць забароненыя сайты. Можна зьвярнуцца да ананімайзэраў, якія «схаваюць» сайты ад інтэрнэт-правайдэра так, што той ня зможа іх заблякаваць. Дзеля гэтага трэба элемэнтарна задаць у Google пошук «web anonymizer tools» або «web proxies» і «ўсплывуць» самыя розныя інструмэнты для абыходу афіцыйных фільтраў.
Некаторыя зь іх вельмі простыя для ўжытку, маюць нескладаны інтэрфэйс і проста пераадрасуюць на неабходны сайт. Ёсьць больш складаныя, якія трэба дадаткова сканфігураваць. Але ўсе яны дапамогуць абысьці фаервол.
Часта можна пачуць, што забаронены сайт даступны як «люстэрка» — што гэта значыць?
Люстэркавы сайт — гэта сайт, які ўтрымлівае тую самую інфармацыю, што і арыгінальны. У шмат якіх выпадках люстэркавыя сайты ўжываюцца для большай эфэктыўнасьці — калі арыгінальны сайт наведвае шмат чытачоў, і ён становіцца перагружаны. Часам люстэркавы сайт мае той самы адрас, і нават цяжка здагадацца, што гэта не арыгінал. Але здараецца, што люстэрка мае іншы адрас — калі ёсьць падазрэньне, што арыгінальны сайт можа быць заблякаваны.
Бывае і так, што аўтары сайта выстаўляюць у інтэрнэце люстэрка, калі даведваюцца, што арыгінальны сайт быў у нейкай краіне заблякаваны. Найчасьцей гэта практыкуецца ў выпадку з палітычнымі арганізацыямі, якія зацікаўленыя ў пашырэньні сваёй інфармацыі. Калі ёсьць зьвесткі, што адрас вашага сайту зь нейкай прычыны заблякаваны, можна ў любым месцы разьмясьціць люстэркавы сайт, каб абыйсьці блякаваньне.