Традыцыйныя сустрэчы ў дзень народзінаў Быкава праводзяцца на ягонай радзіме штогод. Сёлета ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну гасьцей чакаюць у суботу, 20 чэрвеня, а 14-ай гадзіне. Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году.
У праграме імпрэзы — наведваньне дома-музэя ў Бычках, выступы пісьменьнікаў, артыстаў і грамадзкіх дзеячаў, а таксама ўручэньне ўзнагародаў. У прыватнасьці будзе названае імя новага ляўрэата прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. Прэміяй, заснаванай Аляксандрам Мілінкевічам і рухам «За свабоду», узнагароджваюць тых, хто найбольш яскрава праявіў сябе ў грамадзкай, прафэсійнай альбо творчай дзейнасьці на карысьць Беларусі і свабоды. Кожны ляўрэат атрымлівае памятны дыплём і ўзнагароду — скульптуру аўтарства Віктара Копача.
Да таго ж, Віцебская абласная арганізацыя грамадзкага аб’яднаньня «ТБМ імя Францыска Скарыны» мяркуе павіншаваць пераможцаў агляду-конкурсу «Зь беларускім словам». Гэта конкурс для мясцовых СМІ, які мае на мэце заклікаць журналістаў і рэдакцыйныя калектывы да шырэйшага ўжываньня роднай мовы ў друку.
Арганізатармі сёлетніх літаратурных сустрэч у Бычках зьяўляюцца Віцебская абласная арганізацыя грамадзкага аб’яднаньня «ТБМ імя Францыска Скарыны», грамадзкае аб’яднаньне «Рух „За свабоду“» і Саюз беларускіх пісьменьнікаў пры падтрымцы Вушацкага райвыканкаму.