Адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі, а ў мінулым чэмпіён сьвету па шахматах Гары Каспараў узяў удзел ва Ўроцлаўскім глябальным форуме, дзе ўручыў ганаровую Прэмію Свабоды дачцэ Барыса Нямцова Жане. У інтэрвію Радыё Свабода Каспараў падзяліўся бачаньнем канфлікту на ўсходняй Украіне і ролі Захаду ў яго вырашэньні
— Падчас свайго выступу на Ўроцлаўскім глябальным форуме вы досыць сур’ёзна крытыкавалі Захад за пасіўнасьць у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны. Але з вашага выступу я не зразумеў, ці лічыце вы, што Захад павінен даць украінцам зброю?
— Я так лічу і лічыў так заўсёды, выступаў у амэрыканскім сэнаце, абараняючы гэту пазыцыю. Гэта было б выкананьне абавязаньняў, якія ўзяў Захад у асобах Клінтана і Мэйджара ў 1994 годзе, падпісаўшы Будапэшцкі мэмарандум. Украіна раззброілася, аддала ядзерную зброю наўзамен тэрытарыяльных гарантыяў Расеі, Амэрыкі і Вялікабрытаніі.
— Ці не прывядзе ўзбраеньне да эскаляцыі канфлікту?
— Украіну варта забясьпечыць па тых сьціплых запытах супрацьтанкавымі ракетамі і іншымі абарончымі ўзбраеньнямі. Гаворка ідзе найперш пра ўмацаваньне абараназдольнасьці ўкраінскай арміі, а значыць, павышэньне цаны агрэсіі для Пуціна. Гэта яшчэ вельмі важны псыхалягічны мэсыдж.
— А наколькі заходнія санкцыі здольныя паўплываць на паводзіны Пуціна?
— Сёньняшняя праблема нават ня ў тым, што санкцыі слабыя, а ў тым, што Пуцін ня лічыць іх сур’ёзнымі. Унутры Расеі ён дабіваецца посьпеху, пераконваючы расейскую эліту і расейскую сярэднюю клясу, што ўсе гэтыя захады заходніх элітаў зробленыя пад ціскам грамадзкасьці, але ніхто не зьбіраецца ўступаць у адкрытую канфрантацыю.
— Падчас выступу на Ўроцлаўскім глябальным форуме вы прыгадалі покер, што для Пуціна палітыка — гэта ня шахматы, а менавіта покер...
Пуцін выдатна карыстаецца той слабасьцю, якая ўтварылася на Захадзе ў выніку 25 гадоў палітычнай расслабленасьці.
— Чаму я прыгадаў покер, таму што ў гэтай гульні, у адрозьненьне ад шахмат, сіла вашай пазыцыі важная, але не зьяўляецца вызначальнай. Вы заўжды можаце гэта кампэнсаваць напорыстасьцю, блефам, псыхалягічна заціснуўшы апанэнта. Пуцін выдатна карыстаецца той слабасьцю, якая ўтварылася на Захадзе ў выніку 25 гадоў палітычнай расслабленасьці. Захад не гатовы ў асобах сваіх лідэраў і тых, хто за іх галасуе, да сур’ёзнай канфрантацыі. І таму Пуцін нахабна бляфуе.
— Вы кажаце пра блеф, але Пуцін карыстаецца ўнутранай і зьнешняй падтрымкай...
— Сёньняшняя Расея — гэта ўжо не Савецкі Саюз, ня сталінскі Савецкі Саюз, і нават ня брэжнеўскі Савецкі Саюз. Гэта краіна, якая валодае ядзернай зброяй, але нічым іншым, у адрозьненьне ад СССР 30 або 60 гадоў назад, пахваліцца ня можа. Так, Расея сёньня мае лябісцкую падтрымку на Захадзе, якой не было раней. Пуцін шмат гадоў укладваў у падтрымку інфарструктуры сваіх прыхільнікаў у палітычных, журналісцкіх колах і бізнэс-супольнасьці.
— То бок, Пуцін настроены на доўгую працяглую канфрантацыю, а Захад ня здольны нічога яму супрацьпаставіць?
Пакуль Расея ня вернецца да статусу-кво — пачатку 2014 году — ні пра якую адмену санкцыяў, ніякае пацяпленьне гаворкі быць ня можа.
— Гэтая сытуацыя ня будзе знаходзіць вырашэньня, пакуль Захад не прадэманструе палітычную волю. Зараз трэба нават не ўзмацненьне санкцыяў, а ясны сыгнал, што пакуль Расея працягвае падтрымліваць канфлікт ва ўсходняй Украіне, акупаваць Крым і правакаваць краіны НАТО, парушаючы тэрытарыяльныя воды і паветраную прастору, — гэта будзе прыводзіць да захаваньня і ўзмацненьня санкцыяў. Захад павінен разглядаць гэтую сытуацыю ў дынаміцы. Пакуль Расея ня вернецца да статусу-кво — пачатку 2014 году — ні пра якую адмену санкцыяў, ніякае пацяпленьне гаворкі быць ня можа. Мусіць быць зразумелы мэсыдж Захаду: пуцінская Расея ня будзе прымацца ў свабодны сьвет і будзе заставацца ізгоем.
— Беларусь можа быць наступнай?
— Можа быць і Беларусь і Казахстан. Пуцін мае тактычную перавагу. Ён можа нанесьці ўдар дзе заўгодна. Пакуль праблема ў тым, што свабодны сьвет — Амэрыка і Эўропа — не гатовыя да адбіцьця новых атак. Яны зацыкліліся на Данбасе, што ёсьць пагрозы Марыюпалю... Насамрэч магчымыя розныя варыянты. Магчыма беларуская апэрацыя. Не забывайма, што ёсьць і Грузія, Азэрбайджан. Нездарма Аліеў баіцца ўласнага ценю. Ёсьць Эстонія з Нарвай, ёсьць поўнач Нарвэгіі. Там таксама ідзе канцэнтрацыя войскаў
— То бок, Пуцін будзе заваёўваць новыя тэрыторыі?
У Пуціна няма мэты заваёўваць, яго мэта — зруйнаваць існуючы парадак.
— У Пуціна няма мэты заваёўваць, яго мэта — зруйнаваць існуючы парадак, пры якім цяжка дабівацца тактычных перавагаў. Яму патрэбны хаос, яму патрэбная сытуацыя, калі дзейныя інстытуты будуць дыскрэдытаваныя. А насамрэч любая апэрацыя гібрыднай вайны: нават зь мінімальным посьпехам, у любой краіне НАТО, будзе азначаць, што НАТО перастае існаваць, а Пуцін дабіўся новага посьпеху.
— А як вы ставіцеся да ідэі заходніх палітыкаў, што трэба падтрымаць Лукашэнку, каб абараніць крохкую незалежнасьць Беларусі?
— У часы «халоднай вайны» было такое: «сукін сын, але наш сукін сын». Насамрэч праблема Захаду ня ў тым, што рабіць з Лукашэнкам. Праблема ў тым, што яны па-ранейшаму не ўспрымаюць Пуціна як стратэгічную пагрозу. Калі гэта стратэгічная пагроза — трэба рэагаваць стратэгіяй.
Пуцін займаецца выжываньнем. Ён працуе ў тактычным рэжыме. У яго няма пляну. Вось удар нанёс — выжыў сёньня — і добра. Ён перажывае ўсіх палітычных лідэраў, яны прыходзяць і сыходзяць, а ён там сядзіць. Захад павінен мець плян, і любы пуцінскі генэрал мае разумець, што гэта ўсур’ёз і надоўга. Калі яны гэта зразумеюць, то можна і пра Лукашэнку пагаварыць.