Нарвэскія рэжысэры Эрлінг Борген (Erling Borgen) і Том Гейнэман (Tom Heineman) працавалі над дакумэнтальным цыклем «Нястомнае сэрца» (A Heart That Never Dies) чатыры гады.
Іх героі — шэсьць адважных праваабаронцаў з розных краінаў сьвету, дзе іншадумцаў перасьледуюць і кідаюць у турмы. Адзін з шасьці — беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Прэм’ера цыклю стартавала ў траўні, калі ў Капэнгагене паказалі фільмы пра Гватэмалу, Эгіпэт, Банглядэш і Свазілэнд. Фільм пра беларускіх праваабаронцаў будзе прадстаўлены публіцы 10 чэрвеня ў Осла, на прэзэнтацыі будзе прысутнічаць галоўны герой фільму Алесь Бяляцкі.
Рэжысэр Эрлінг Борген, прафэсар сацыяльна-крытычнай дакумэнталістыкі ўнівэрсытэту Ліліхамэра, сказаў Свабодзе, што лічыць Алеся Бяляцкага сапраўдным героем і хоча, каб пра яго дзейнасьць даведаліся ва ўсіх кутках сьвету.
— Чаму вы абралі Алеся Бяляцкага адным з пэрсанажаў дакумэнтальнага фільму «Нястомнае сэрца»?
— Гэты фільм — шэсьць асобных гісторыяў пра актывістаў у галіне правоў чалавека ў краінах, дзе такіх актывістаў перасьледуюць і арыштоўваюць. Я вельмі захацеў зрабіць адзін з шасьці эпізодаў пра Алеся, таму што я стаўлюся да яго як да сапраўднага героя. Я думаю, вельмі важна расказаць гісторыю пра ягонае змаганьне, пра праблемы з правамі чалавека, якія вы маеце ў Беларусі, а таксама раскрыць мужнасьць Алеся, расказаць, чаму ён змагаецца за правы чалавека і свабоду слова на працягу 30 гадоў. Калі мая група працавала з Алесем у Беларусі, а пасьля я працаваў са зьнятым матэрыялам, мы ўсе былі вельмі захопленыя яго мужнасьцю і тым, што ён робіць для людзей.
— Якім чынам адбываліся здымкі? Ці вы прыяжджалі ў Беларусь?
— На жаль, для мяне было немагчыма прыехаць у Беларусь асабіста. Але там былі людзі ад майго імя. Яны некалькі дзён здымалі Алеся Бяляцкага.
— Хто іншыя пяць пэрсанажаў «Нястомнага сэрца»?
— Гэта вельмі мужны рэдактар з Гватэмалы, адзіны з рэдактараў, які змагаецца з прэзыдэнцкай карупцыяй. Яго выкрадалі, але ён выжыў і працягвае змаганьне супраць сыстэмы. Ёсьць адвакатка з Банглядэш, якая змагаецца за правы бедных рабочых, якія займаюцца ручной працай. Мужа гэтай банглядэшкі таксама выкралі ўлады. Таксама ў нас ёсьць адважная журналістка з Сэрбіі, якая робіць праграму пра расьсьледаваньні. Адна з гісторыяў — пра эгіпцянку, якую згвалцілі на плошчы Тахрыр у Каіры і якая не пабаялася пайсьці на тэлебачаньне і расказаць пра гэта. Яшчэ адзін герой — гэта актывіст са Свазілэнду, які змагаецца супраць улады. Я вельмі ўражаны гэтымі людзьмі. Дакумэнтальны фільм «Нястомнае сэрца» пакажуць на дацкім, швэдзкім і нарвэскім тэлебачаньні. Нас ужо запрасілі і на некалькі фэстываляў дакумэнтальнага кіно. І я рэальна спадзяюся распаўсюдзіць фільм па ўсім сьвеце, таму што гэта вельмі важна — ярка паказваць пэўных асобаў, якія вылучаюцца сярод іншых. І што да Алеся, то ён сапраўды вылучаецца.
— Ці людзі ў Нарвэгіі ведаюць, што за праваабарончую дзейнасьць саджаюць у турму ня толькі ў Лацінскай Амэрыцы і Афрыцы, але і вельмі блізка — у Беларусі?
— Я думаю, некаторыя ведаюць. У нас ёсьць некалькі вельмі моцных і вялікіх праваабарончых арганізацыяў у Нарвэгіі, якія шчыльна працуюць зь беларускімі праваабаронцамі. Прэм’ера «Нястомнага сэрца» адбудзецца сёньня ў Осла, будзе Алесь Бяляцкі, яму дадуць слова на сцэне. Ягоны прыезд арганізаваны фундацыяй Human Rights House, нарвэскай філіяй Хэльсынскага камітэту і ПЭН-цэнтрам. Таму я лічу, што якраз нарвэскі народ даволі добра ведае, што адбываецца ў Беларусі, пра палітычных вязьняў, пра выбары, якія адбудуцца 11 кастрычніка, і пра змаганьне праваабаронцаў.
— Якім чынам беларусы змогуць пабачыць «Нястомнае сэрца»?
— Я мушу абмеркаваць гэтае пытаньне са сваімі беларускімі кантактамі. Пасьля таго як фільм пакажуць на скандынаўскім тэлебачаньні, мы б хацелі паказаць яго спэцыяльна для беларусаў. Але трэба прыдумаць, якім чынам гэта зрабіць, каб ахапіць як мага большае кола людзей. Распаўсюд у Інтэрнэце — адна з рэчаў, пра якія мы цяпер думаем. Але гэта можна будзе рабіць толькі пасьля таго, як пройдзе тэрмін пракату на тэлеканалах, якія заплацілі за фільм.