Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты ў Расеі знайшлі «падпольную клініку» для лячэньня сэпаратыстаў Данбасу


У паўднёвым расейскім горадзе Растоў-на-Доне выяўлена імправізаваная клініка для лячэньня скалечаных ва ўсходняй Украіне сэпаратыстаў.

Цяпер да паведамленьняў пра трэніровачныя базы, кантраляваныя Расеяй памежныя пераходы і таемныя пахаваньні дадаліся і весткі пра падпольныя клінікі. Расейскі часопіс The New Times напісаў, што ў раёне Растова-на-Доне ў спэцыяльным рэабілітацыйным цэнтры лечацца ўкраінскія сэпаратысты, якія вольна перамяшчаюцца празь дзяржаўную мяжу з Украінай.

Карэспандэнтка часопісу Алена Раманава апублікавала артыкул, у якім расказвае пра падпольную клініку для мужчын, якія страцілі канцавіны падчас баёў ва ўсходняй Украіне з урадавымі сіламі. Яе артыкул з фотаздымкамі скалечаных пацыентаў быў апублікаваны 1 чэрвеня.

«Гэта падпольны рэабілітацыйны цэнтар для людзей, якія пацярпелі падчас баявых дзеяньняў, — піша яна. — Большасьць з тых, каго сюды прывезьлі, страцілі канцавіны. Большасьць зь іх ўкраінцы».

Публікацыя спараджае далейшыя сумневы адносна ролі Расеі ў канфлікце ва Ўкраіне.

Паводле Алены Раманавай, клініка знаходзіцца ў трохпавярховым доме, які стаіць асобна ад астатніх у ціхім раёне Растова-на-Доне. Журналістка сьцьвярджае, што трывогу забілі мясцовыя жыхары, бо каля гэтага ціхага будынка ў гістарычнай частцы гораду сталі ўсё часьцей зьяўляцца рэанімабілі і джыпы з украінскімі нумарамі, а вакол яго пачалі прагульвацца інваліды на мыліцах.

Адзін з каардынатараў гэтай ўстановы, які назваўся Ігарам, пагадзіўся даць інтэрвію і паказаць шпіталь толькі пасьля таго, як журналістка паабяцала не пытацца прозьвішчаў і не паказваць твары пацыентаў.

Гэты самы чалавек паведаміў, што цяпер у шпіталі знаходзяцца 34 пацыенты, а агулам тут іх пабывала каля 150-ці. Журналістцы ўдалося пагутарыць зь некалькімі параненымі, сярод якіх аказаўся як найменш адзін добраахвотнік з Расеі.

Сёлета ў лютым Радыё Свабода ўжо паведамляла пра падобную ўстанову ў Азове — горадзе ў Растоўскай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG