У бібліятэцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў выйшаў новы дзіцячы альманах пад назвай «Гарбузік».
Выданьне стала працягам самвыдавецкіх часопісаў, якія беларускамоўныя бацькі стваралі для сваіх дзяцей, адчуваючы брак беларускамоўнай дзіцячай літаратуры ў кнігарнях.
«Колькі год таму паўстаў дзіцячы бацькоўскі самвыдат для беларускамоўных дзетак. Мы згуртаваліся і зразумелі, што самі можам перакладаць, пісаць, маляваць і распрацоўваць гульні. Такім чынам пабачылі сьвет некалькі саматужных нумароў «Гарбузіка». А калі мы нарасьцілі крылы і зразумелі, што нас магла б чытаць нашмат шырэйшая аўдыторыя, мы сустрэліся з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і вырашылі зрабіць альманах. Нумар, які цяпер выйшаў, — гэта найлепшае з папярэдніх саматужных нумароў «Гарбузіка», — тлумачыць галоўны рэдактар альманаха Вольга Мазурава.
Першы нумар альманаха «Гарбузік» налічвае 32 старонкі. Разьлічаны ён на дашкалятаў. Таму тэксты самыя простыя — вершы, якія дапамагаюць вывучыць лічбы, запамятаць назвы малых жывёлаў, разабрацца, што такое правая і левая рука. Апроч вершаў ёсьць перакладзеныя брытанскія казкі, а таксама казкі беларускай мастачкі Ганны Сілівончык.
Калі казаць пра нейкую дзяржаўную падтрымку, то мы пра яе нават ня думалі, бо калі яе чакаць, то дзеці вырастуць
Ва ўжо даволі прадстаўнічую рэдкалегію ўваходзяць беларускамоўныя бацькі, літаратары і філёлягі.
«Да нас далучыўся мовазнаўца Вінцук Вячорка, які мае досьвед працы над выданьнямі для дзіцячых садкоў. Таксама з намі паэты і літаратары Леанід Дранько-Майсюк, Пятро Васючэнка, Барыс Сачанка», — апавядае Вольга Мазурава.
Наклад першага выпуску альманаха «Гарбузік» — 1000 асобнікаў.
«Мы спадзяёмся, што ён хутка разыдзецца. Калі казаць пра нейкую дзяржаўную падтрымку, то мы пра яе нават ня думалі, бо калі яе чакаць, то дзеці вырастуць. Калі ж выявіцца, што мы рабілі гэта ня дзеля прыбытку, то, прынамсі, гэта будзе інвэстыцыя ў нашых дзяцей. А гэта — найлепшая інвэстыцыя. Зразумела, што выданьні такога кшталту павінны выходзіць большым накладам і шырока разыходзіцца. Але паколькі Саюз беларускіх пісьменьнікаў — ня самая ляяльная беларускім уладам арганізацыя, то пакуль маем толькі такі сьціплы наклад», — кажа Вольга Мазурава.
Альманах ня мае фіксаванай пэрыядычнасьці. Але, паводле рэдкалегіі, «Гарбузік» будзе выходзіць два разы на год. Адзін нумар будзе для дашкалятаў, а другі — для школьнікаў 1–5 клясы.
Набыць «Гарбузік» можна ў сталічных кнігарнях, а таксама праз інтэрнэт-крамы беларускіх кніг.