Ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак адзначае пэўны прагрэс, які акрэсьліўся апошнім часам у айчынным футболе. У прыватнасьці, да новага сэзону на беларускай мове надрукаваныя афіцыйныя календары Беларускай фэдэрацыі футболу, гульцы нацыянальнай зборнай упершыню пабачылі свае прозьвішчы на майках у трансьлітарацыі зь беларускай, ініцыятыву «абеларушваньня» падхапілі і асобныя клюбы. Але абсалютная маса футбольнай гаспадаркі, удакладняе суразмоўца, — па-ранейшаму расейскамоўная:
«Зь іншага боку, ніякай забароны на выкарыстаньне беларускай мовы ад Беларускай фэдэрацыі футболу няма, хоць некаторыя людзі прыватна кажуць, што раней забаранялася пісаць на футболках па-беларуску, каб вытрымліваць адзіны расейскамоўны стандарт. Асабіста я гэта пацьвердзіць ці абвергнуць не магу, але што тычыцца, напрыклад, Фэдэрацыі хакею Беларусі, то ў іх рэглямэнце канкрэтна прапісана: прозьвішчы гульцоў павінны пісацца па-расейску, і кропка. У футбольнай фэдэрацыі такога няма.
Магу сказаць, што ў гэтым сэзоне каманды маюць намер шырэй выкарыстоўваць беларускую. Раней такім флягманам, безумоўна, быў ФК «Гомель», які яшчэ ад 2010 году пачаў прапагандаваць родную мову. У той жа час, здаецца, да 2011-га не было ніводнай каманды, якая б пісала прозьвішчы гульцоў на майках па-беларуску. У гэтым сэзоне зьявілася менскае «Дынама», беларускамоўныя футболкі будуць у жодзінскага «Тарпэда», ёсьць спадзяваньні, што такую практыку працягнуць «Гомель» і «Белшына».
У розныя гады да практыкі беларускамоўнага напісаньня прозьвішчаў футбалістаў зьвярталася «Тарпэда» з Жодзіна, але ў папярэднія сэзоны перавага была аддадзеная «другой дзяржаўнай» — расейскай. 6 красавіка падчас сустрэчы штабу каманды з жодзінскай тарсідай зноў заяўлена пра беларускі вэктар. Вяртаньне да лепшых традыцыяў падтрымалі як гульцы, трэнэры і спонсары зь БелАЗа, так і заўзятары. Ігар Случак лічыць гэта надзвычай добрым знакам:
«Магу сказаць, што, напрыклад, у саміх клюбах, калі параўноўваць, скажам, 2013 год зь сёлетнім 2015-м, дык сытуацыя зь беларускай мовай стала выглядаць нашмат лепш. Хоць яна, вядома, вельмі і вельмі далёкая ад ідэальнай, але тое, што некаторыя клюбы ўсё ж прыходзяць да беларускай мовы, гэта ўжо вялікі плюс. Ну і вось, як бачым, нейкія моманты пачала браць на ўзбраеньне фэдэрацыя — выкарыстоўваць беларускую мову ў календарах, у форме нацыянальнай зборнай.
Але я хацеў бы, безумоўна, каб гэты разварот быў больш адчувальны. І калі некаторыя нашы футбольныя клюбы чакаюць нейкага загаду зьверху, то, магчыма, было б добра, каб фэдэрацыя накіравала ў штабы такіх камандаў рэкамэндацыйныя лісты. Ня проста загадала выкарыстоўваць беларускую мову, а патлумачыла мэнэджэрам адзін момант — вышэйшы орган зусім ня супраць беларускай мовы. На жаль, шмат у якіх людзей яшчэ засталіся застарэлыя комплексы, што, маўляў, беларуская мова нейкая не такая, што яна не падыходзіць да выкарыстаньня ў спорце № 1».
Ігар Случак зьвяртае ўвагу на той факт, што шэраг камандаў прынцыпова адхрышчваюцца ад беларускай мовы і лічаць яе «балястам» у сваёй дзейнасьці. На падставе працяглага ліставаньня з адміністрацыямі клюбаў спадар Случак склаў свой антырэйтынг, сумнеўнае «лідэрства» ў якім — за барысаўскім БАТЭ, салігорскім «Шахцёрам» і гарадзенскім «Нёманам». Насуперак стэрэатыпам, самыя беларускамоўныя футбольныя клюбы — не з заходняй часткі Беларусі, а якраз з усходу:
«Да прыкладу, у нашым Гомелі людзі цудоўна ўспрымаюць беларускую мову. Дый наагул, як ні парадаксальна, тры самыя беларускамоўныя на сёньняшні час клюбы паходзяць акурат з усходу Беларусі. Гэта найперш, як я ўжо казаў, „Гомель“, а таксама мазырская „Славія“ і бабруйская „Белшына“. Што тычыцца „Белшыны“, то цяпер яна амаль што ўсю сваю прадукцыю вырабляе па-беларуску — і афішы, і праграмкі на матчы, і дыктар на стадыёне на роднай мове працуе. Цешыць, што кампанію ім склалі каманды сталічнага рэгіёну — „Дынама“ і „Тарпэда“. Вось, калі ў двух словах, прыблізна так сытуацыя выглядае».
Карэспандэнт: «Калі клюбы чакаюць рэкамэндацыяў зьверху, магчыма, і фэдэрацыя таксама чакае, каб іх хто-небудзь да гэтага падштурхнуў? Можа, якраз ад вас спадзяюцца атрымаць „інструкцыі“?»
Ігар Случак (сьмяецца): «Магчыма, сапраўды ёсьць сэнс напісаць пра такую прапанову, чаму не? Адмыслова ў фэдэрацыю ніколі не пісаў, каб яна пачала больш выкарыстоўваць мову і заахвочваць да гэтага клюбы. Трэба ўсё ж даваць шанцы, каб яны самі прыходзілі да роднай мовы».
Год ад году более беларускамоўных дыктараў, якія працуюць на гарадзкіх стадыёнах. Яшчэ на пачатку 1990-х такую традыцыю запачаткаваў у Жодзіне настаўнік мясцовай школы Сяргей Пузанкевіч. Амаль два дзясяткі гадоў ахвотных падхапіць ягоную ініцыятыву не было. Але нейкі час таму, не бяз гонару апавядае гамяльчук Ігар Случак, свае паслугі гомельскай футбольнай арэне прапанаваў выкладчык унівэрсытэту Юры Крышнёў:
«Так, ён працуе выкладчыкам у Гомельскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэце імя Сухога. Там, дарэчы, таксама цікавая сытуацыя — спадар Крышнёў ня толькі сам выкладае свае тэхнічныя прадметы на беларускай мове, але ў яго людзі абараняюць спэцыяльныя дысцыпліны па-беларуску. Так што цікавы чалавек ва ўсіх адносінах. Наколькі я разумею, ён паслугі дыктара прапанаваў сам, і так выглядае, што гэта ўсё адбываецца збольшага на валянтэрскай аснове».
Сёлета футбольны чэмпіянат Беларусі зазнае яшчэ адну навацыю. Некалькі гадоў таму спартовыя чыноўнікі вырашылі адмовіцца ад звыклай формулы з удзелам 16 камандаў і скарацілі вышэйшую лігу да тузіна, разьбіўшы «эліту» і аўтсайдэраў на шасьцёркі. Аднак пасьля двух сэзонаў экспэрымэнт прызналі ня самым удалым, і гэтым разам барацьбу за ўзнагароды пачнуць 14 калектываў. Адмыслоўцы перакананыя: дзеля папулярызацыі ўнутранага першынства неабходна вярнуцца да аптымальнай колькасьці клюбаў — усё тых жа 16-ці.
Менскае «Дынама» віншуе з Днём роднай мовы: