Пра гэта паведамляе сайт «Крим.Реалии» са спасылкай на распаўсюджаную Мэджлісам рэзалюцыю пасяджэньня плятформы, якое праходзіла 4-5 красавіка ў Анкары.
«Плятформа крымскататарскіх арганізацыяў Турцыі падкрэсьліла, што прадстаўнічыя органы крымскататарскага народа, выбраныя дэмакратычным шляхам у свабодным грамадзтве, не прызнаюць незаконнай акупацыі паўвострава і працягнуць сваю барацьбу за аднаўленьне законнага парадку ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі прынцыпамі вяршэнства права», — гаворыцца ў паведамленьні.
У рэзалюцыі ўдзельнікі пасяджэньня асудзілі «рэпрэсіўныя дзеяньні ў дачыненьні да крымскіх татар, накіраваныя на абмежаваньне свабоды грамадзянаў, перасьлед лідэраў Мэджлісу і сябраў нацыянальнага руху, ціск на незалежныя крымскататарскія СМІ, парушэньні правоў чалавека».
У заяве гаворыцца, што гэтыя «бясчынствы павінны быць разгледжаныя на ўзроўні Міжнароднага суду».
Акрамя таго, на пасяджэньні плятформы крымскататарскіх арганізацыяў у Анкары было прынятае рашэньне аб правядзеньні 17 траўня ў горадзе Эскішэхір жалобных мерапрыемстваў з нагоды гадавіны дэпартацыі. Дэлегаты таксама дамовіліся правесьці ў канцы ліпеня — пачатку жніўня ў Турцыі Сусьветны кангрэс крымскіх татараў.
16 сакавіка 2014 году на тэрыторыі Крыма і горада Севастопаля адбыўся так званы «рэфэрэндум» аб статусе паўвострава, па выніках якога Расея ўключыла Крым у свой склад. Ні Ўкраіна, ні Эўрапейскі Зьвяз, ні ЗША не прызналі дадзенае галасаваньне і лічаць, што Крым Расея анэксавала.