Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх дзяцей замежнікі ўсынаўляюць завочна


Дабрачынная спонсарская праграма «Завочнае ўсынаўленьне» ў Чэхіі ўсынаўляе дзяцей зь Беларусі.

Дабрачынная праграма «Завочнае ўсынаўленьне» пад рознымі назвамі рэалізуецца ва ўсім сьвеце. У Чэхіі такі праект існуе больш за 20 гадоў.

Гісторыя гэтай праграмы пачалася пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Традыцыйная яе назва — «Дзіцячы спонсарынг». Да прасоўваньня праграмы падключана мноства дзяржаў, як у Амэрыцы, так і ў Эўропе. На сёньняшні дзень праграма аб’ядноўвае ўжо мільёны людзей.

— У першую чаргу мы працуем у Афрыцы — ва Ўгандзе, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Замбіі, — расказала Радыё Прага Ярміла Ламозава з дабрачыннай арганізацыі Arcidiecézní charita Praha. — Вялікі праект ажыцьцяўляецца ў Індыі. Эўрапейскі варыянт «Завочнага ўсынаўленьня» рэалізуецца ў Беларусі. У Беларусі ў большасьці выпадкаў мы дапамагаем дзецям, якія жывуць у вёсках і тым, што паходзяць з сацыяльна слабых сем’яў. Вельмі часта гаворка ідзе пра сем’і, дзе ёсьць інваліды — дзіця ці хто-небудзь з дарослых. Падбіраць дзяцей для праграмы падтрымкі нам заўсёды дапамагаюць мясцовыя партнэрскія дабрачынныя арганізацыі.

Як праект завочнага ўсынаўленьня працуе на практыцы?

— Усынаўленьне ў дадзеным выпадку толькі сімвалічнае, — удакладняе Ярміла Ламозава. — Дапамога аказваецца канкрэтным дзецям, а таксама іх сем’ям і ўсяму асяродку, цэлым групам людзей. Мы аказваем дапамогу ў канкрэтным месцы, дзе жыве тое альбо іншае дзіця. На першым месцы, натуральна, адукацыя. Мэта заключаецца ў тым, каб падапечныя дзеці прайшлі поўны курс школьнай праграмы, потым, калі атрымаецца, перайшлі на сярэдні ўзровень адукацыі, авалодалі прафесіяй, а потым можна задумацца і аб ВНУ. Дапамога аказваецца і бацькам, напрыклад, пры працаўладкаваньні або пры авалоданьні прафэсіяй. Дапамагаем мы бацькам нашых падапечных дзяцей і навучыцца эканоміць сродкі, спраўляцца з фінансавым плянаваньнем. Праграма дапамогі вельмі шырокая. Мы дзякуем усім нашым дарыльшчыкам, якія пералічваюць фінансавыя сродкі на адукацыю дзяцей.

Кантакты з усынавіцелямі пераважна застаюцца завочнымі. Дзеці і іх апекуны толькі перапісваюцца.

— Звычайна гаворка ідзе пра два лісты на год, у чым мы таксама дапамагаем, — працягвае Ярміла Ламозава. — Аднак у выпадку праекта, які рэалізуецца ў Беларусі, дзеці і іх завочныя ўсынавіцелі могуць бачыцца, прычым пэрыядычна. Кожны год мы арганізуем канікулы беларускіх дзяцей у Чэскай Рэспубліцы. Зараз, напрыклад, мы ў чэрвені чакаем прыезду групы з 40 беларускіх дзяцей.


Што да рэальнага ўсынаўленьня, то ў Беларусі яно рэгулюецца пастановай Савету Міністраў «Аб парадку міжнароднага ўсынаўленьня і ўстанаўленьня міжнароднай апекі над дзецьмі». Паводле яе, замежнікі могуць усынавіць толькі тых дзяцей, якія больш за год не змаглі знайсьці сабе беларускіх бацькоў. Пры гэтым устанаўленьне міжнароднай апекі магчымае толькі пры наяўнасьці спэцыяльнай дамовы паміж Беларусьсю і замежнымі дзяржавамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG