Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі спалохаліся «Майдану на Заслаўскай»


Жыхары вуліцы Заслаўскай у Менску чарговым разам адстаялі сквэр ад камэрцыйнай забудовы. Але яны надалей ня вераць уладам.

У Менску адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак: чыноўнікі папрасілі дапамогі ў жыхароў вуліцы Заслаўскай пасьля таго, як зразумелі: рашэньні Менгарвыканкаму супраць ушчыльненьня не выконваюцца, а папросту ігнаруюцца.

Цягам 2012 году жыхары вуліцы Заслаўскай у Менску з дапамогай грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» двойчы адстаялі невялікі зялёны сквэр паміж дамамі 11 і 17, дзе інвэстыцыйная кампанія «Саўт Вэстэрн» плянавала пабудаваць 15-павярховы офісны будынак з банкам і аўтамабільную стаянку на 125 месцаў. Былі праведзеныя чатыры сходы, жыхары ініцыявалі грамадзкія слуханьні. У выніку Менгарвыканкам адмовіў «Саўт Вэстэрну» і рэкамэндаваў «разгледзець альтэрнатыўнае месца разьмяшчэньня аб’екта». А сквэр на Заслаўскай адміністрацыя Цэнтральнага раёна абяцала добраўпарадкаваць.

Але на пачатку сакавіка 2015 году жыхары Заслаўскай выпадкова даведаліся, што «Саўт Вэстэрн» спрабуе праз суд дамагчыся будаваць свой гмах менавіта на тэрыторыі сквэру на Заслаўскай. Абураныя людзі прыйшлі да старшыні Камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтву Паўла Лучановіча, зноў пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва. І чыноўнікі літаральна цягам трох дзён вымушаны былі склікаць сход.

1 красавіка ўвечары ў актавай залі сталічнай гімназіі сабралася каля 200 мясцовых жыхароў. Прыйшлі намесьнік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менску Эдуард Тамільчык, старшыня Камітэту па архітэктуры і горадабудаўніцтве Менгарвыканкаму Павал Лучыновіч, дэпутаты Менскага гарадзкога Савета Ігар Бабок і Георгі Атаманаў, галоўны архітэктар праекту УП «Менскграду» Міхаіл Друшчыц.

Чыноўнікі на сходзе
Чыноўнікі на сходзе

Першым слова атрымаў Павал Лучыновіч. Пачаў з таго, што Заслаўская — тэрыторыя няпростая, дзе шмат аб’ектаў агульнагарадзкога значэньня. Ён паведаміў, што ўлічваючы статус тэрыторыі, быў замоўлены праект дэталёвай забудовы, каб «стварыць камфортныя ўмовы для жыхароў». На гэтай ягонай фразе заля загудзела. Спадар Лучыновіч адзначыў, што «да гэтай тэрыторыі ёсьць інтарэс інвэстараў — замежнай кампаніі «Саўт Вэстэрн», прадстаўнікі якой таксама павінны выступіць.

Галоўны архітэктар Менску Павал Лучыновіч
Галоўны архітэктар Менску Павал Лучыновіч

Дагаварыць галоўнаму архітэктару сталіцы Паўлу Лучановічу не далі. Жыхар дома 17 Анатоль Цяцерын заўважыў, што зьбіраюцца людзі ўжо пяты раз і настроеныя рашуча:

«Трэба будзе — зьбяромся і дзясяты раз. Трэба будзе — і будаўнічыя краны перакулім, якія сюды прыгоняць. Мы не аддамо гэту тэрыторыю! Лепш бы нашы горадабудаўнікі падумалі, як добраўпарадкаваць гэты сквэр і наагул мікрараён, які ператварыўся ў каменныя джунглі. Лепш пабудуйце што-небудзь для нашых дзяцей — клюб, спортпляцоўку... Вы архітэктары, разумныя, адукаваныя людзі — зрабіце, каб было прыгожа і ўтульна.

Я хацеў, каб сюды выйшлі прадстаўнікі інвэстара і паглядзелі людзям у вочы. Ці ёсьць у іх сумленьне? Ім жа гарвыканкам прапанаваў іншыя месцы для забудовы, прычым некалькі тэрыторыяў! Кажуць, у суд падавалі. У беларускім судзе ангельскі інвэстар выйграў у 18 тысяч беларусаў, якія супраць ушчыльненьня?!»

Анатоль Цяцерын
Анатоль Цяцерын

Жыхарка Заслаўскай спадарыня Тацяна распавяла, як 5 сакавіка людзі выйшлі на суботнік і выпадкова даведаліся, што будаўніцтва на месцы сквэру будзе адноўлена. То бок фактычна фальсыфікаваныя вынікі грамадзкага абмеркаваньня, праведзенага ў 2012 годзе. Таму 26 сакавіка на сустрэчы з намесьнікам старшыні адміністрацыі жыхары задалі канкрэтнае пытаньне: чаму дамова, якая два гады таму была скасаваная, зноў прапаноўваецца для абмеркаваньня? У адказ прагучала: «Горад павінен разьвівацца». За выходныя людзі сабралі 700 подпісаў і накіравалі заявы ў пяць інстанцыяў.

Яшчэ адзін мясцовы жыхар Уладзіслаў Алісейчык назваў тое, што цяпер адбываецца, «тэатрам абсурду». Маўляў, адміністрацыя Цэнтральнага раёна цудоўна ведае, чаму будаўніцтва на месцы сквэру немагчымае, што сквэр прызнаны рэкрэацыйнай зонай, што Мінпрыроды і санстанцыя зрабілі адпаведныя заключэньні. Але робіцца ўсё наадварот. Таму ён выказаўся рэзка:

«Супраць нас, жыхароў Заслаўскай, у выканкаме існуе проста змова. Гэта змова! (аплядысмэнты). Мы можам прымаць мноства рашэньняў, але заўтра хтосьці выпадкова даведаецца, што ўсё будзе інакш. Таму я прапаную нашу ініцыятыўную групу ўзьвесьці ў статус камітэта абароны вуліцы Заслаўскай. І адна з задач гэтага камітэта — давесьці да вышэйстаячых органаў, што кіраўніцтва адміністрацыі Цэнтральнага раёна пазбаўляецца нашага даверу. Гэта не кіраўніцтва, якое клапоціцца пра нас. Гэта кіраўніцтва, якое ўсяляк абыходзіць элемэнтарныя нормы, яно іх пераступае. Навошта нам такая адміністрацыя? Прэзыдэнт кажа, што ўсе пытаньні павінны вырашацца на ўзроўні мясцовай адміністрацыі. А што мы маем ад гэтай адміністрацыі?»

Уладзіслаў Алісейчык
Уладзіслаў Алісейчык

Актывістка першай абароны сквэру Тацяна Гурэцкая кажа, што нарадзілася ў Менску яшчэ да вайны, перажыла тут акупацыю і зьяўляецца шчырай патрыёткай сталіцы, ганарыцца, што тут жыве. Але ня можа зразумець, хто ў горадзе гаспадар, чаму рашэньні Менгарвыканкаму не выконваюцца:

«Дарагая і пакуль яшчэ паважаная намі ўлада! Давайце паставім сёньня канчатковую кропку ў тым жаху, які ўчыняе нам кампанія „Саўт Вэстэрн“. Давайце запросім інвэстара, грамадзяніна Вялікай Брытаніі і пагаворым зь ім. Я адна пасадзіла 14 дрэваў каля свайго дому. І калі нам кажуць, што прыйдзе ангелец, які ня ведае, куды яму падзець мех з далярамі, і таму ён паставіць у нашым сквэры офісны гмах з прыбудаваным банкам, мы ўсе дружна кажам: „Гэтаму не бываць!“ У нас вакол — 9 банкаў. Навошта тут 10-ы? Нельга праводзіць больш ніякіх сходаў. Нельга цеціву лука нацягваць бясконца».

Чыноўнікі пачалі тлумачыць, што, каб канчаткова паставіць кропку, яны і замовілі праект дэталёвага пляну. Але гэты праект, маўляў, робіцца даволі доўга, а трэба рабіць усё згодна з заканадаўствам. А пакуль адмыслова для гэтага арганізавалі сустрэчу — каб даведацца пра меркаваньне насельніцтва. Маўляў, мэта сустрэчы — высьветліць, што жыхары хочуць бачыць на гэтай тэрыторыі.

Людзі не вытрымлівалі, зрываліся, запытвалі, што незразумела, і колькі можна абмяркоўваць адно і тое ж. Задавалі і пытаньне рубам намесьніку кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Эдуарду Тамільчыку: «Вы за тое, каб будаваць ці супраць?»

Адказ чыноўніка быў такі:

«Мы сёньня сабраліся тут, каб абмеркаваць, трэба будаваць ці ня трэба».

Намесьнік старшыні Цэнтральнага райвыканкама Эдуард Тамільчык
Намесьнік старшыні Цэнтральнага райвыканкама Эдуард Тамільчык

Тут пачаўся допыт: колькі вы працуеце, што добрага вы зрабілі. За чыноўніка заступіўся старшыня Камітэту па архітэктуры і горадабудаўніцтве Павал Лучыновіч — маўляў, ініцыятарам гэтай сустрэчы зьяўляецца Менгарвыканкам, а не адміністрацыя Цэнтральнага раёна. На канкрэтнае пытаньне: «Вы за будаўніцтва ці супраць?» — спадар Лучыновіч спрабаваў адказаць няўцямна:

«Наша меркаваньне было сфарміравана ў заданьні на праектаваньне».

Народ патрабаваў адказаць канкрэтна і паказаць гэта «заданьне на праектаваньне». Нарэшце галоўны архітэктар гораду вымушаны быў прызнацца: «У заданьні на праектаваньне не прадугледжана разьмяшчэньне гэтага аб’екту».

Дэпутат гарсавета Георгі Атаманаў паспрабаваў «зьняць напружаньне», сказаў, што трэба спыніць ўшчыльненьне ў цэнтры горада, і запэўніў, што дэпутаты з народам, чамусьці ўзгадаўшы Майдан:

«Мы супраць таго, каб тут будаваць. Тут будаўніцтва ня будзе. Калі мы хочам, каб тут быў мір і згода, каб нашы некаторыя апанэнты ўлады ніколі ня думалі, што пачынаючы з Заслаўскай вуліцы, можна прыдумаць Майданчык. Іх тут ня будзе. Мы разумныя людзі, і свае правы будзем абараняць. Заяўляю вам на дэпутацкім узроўні: «Мы з вамі».

Дэпутат Менгарсавета Георгій Атаманаў
Дэпутат Менгарсавета Георгій Атаманаў

Людзі яшчэ некалькі разоў перапытвалі: «Гэта апошняя сустрэча? Мы ставім кропку ці не?»

Калі запрасілі да мікрафона інвэстара, прадстаўніка замежнай прыватнай кампаніі «Саўт Вэстэрн», аказалася, што яго ўжо ў залі няма — толькі што зьбег.

Слова ўзяў вядомы кінарэжысэр і пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які таксама жыве на Заслаўскай. Папрасіў не губляць пільнасьць, прывёўшы ў прыклад будынак Музэю гісторыі кіно, што каля Чырвонага касьцёлу. Менгарвыканкам «паклаў вока» на будынак — хоча разьмясьціць там Упраўленьне камунальнай гаспадаркі. Тройчы былі спробы забраць будынак. Завяршыў сваё выступленьне спадар Арлоў словамі «Веры няма».

Кінарэжысэр, пісьменьнікУладзімер Арлоў
Кінарэжысэр, пісьменьнікУладзімер Арлоў

Прадстаўніца кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч запыталася, чаму ня выканана рашэньне, прынятае яшчэ ў 2012 годзе — добраўпарадкаваць сквэр. Рашэньне было, але дагэтуль ня зроблена нічога.

Намесьнік старшыні адміністрацыі Эдуард Тамільчык абарваў Тацяну і раздражнёна адказаў, што, маўляў, трэба разабрацца з адным пытаньнем, а не мяшаць усё ў адну кучу. І паставіў пытаньне на галасаваньне: «Хто за тое, каб дадзены аб’ект „Саўт Інвэст“ не разьмяшчаўся ў сквэры на Заслаўскай?» Народ папрасіў пытаньне ўдакладніць: каб нічога не будавалася на тэрыторыі сквэру. Прынялі аднагалосна: 154 чалавекі супраць усялякага будаўніцтва ў сквэры. На гэтай аптымістычнай ноце сход завяршыўся.

Але людзі доўга не разыходзіліся, па настроях адчувалася, што асаблівай веры да ўладаў няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG