Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі блогер распавёў, як яго вэрбавалі ў крамлёўскія прапагандысты


Амэрыканскі палітычны актывіст і блогер Дэйвід Свонсан распавёў у сваім блогу War Is A Crime («Вайна — гэта злачынства»), што яму прапаноўвалі публікаваць за грошы расейскую «прапаганду» пра падзеі ва Ўкраіне.

Свонсан сьцьвярджае, што 20 сакавіка ў юрыдычнай школе унівэрсытэта акругі Калюмбія ў Вашынгтоне, дзе ён выступаў у рамках трохдзённага антываеннага сэмінару, арганізаванага арганізацыяй Spring Rising, да яго падышоў нейкі малады чалавек, які гаварыў з расейскім акцэнтам, уручыў візытную картку на імя памочніка ваенна-паветранага аташэ амбасады РФ у Вашынгтоне, маёра з імем «Алексей Г. Падалко», купіў адну зь яго кніг і прапанаваў сустрэцца, каб абмеркаваць сумесную дзейнасьць у барацьбе за мір.

На яго картцы былі адрас амбасады РФ у Вашынгтоне, два тэлефонныя нумары, нумар факсу і адрас электроннай пошты.

Чалавек з такім імем і прозьвішчам фігуруе ў сьпісах дыпляматаў на сайтах дыпляматычнай місіі РФ і Дзярждэпартамэнту ЗША, — адзначае Свонсан.

На наступны дзень, — працягвае Свонсан, — ён сустрэўся з новым знаёмым ў кавярні, і той распавёў аб наяўнасьці ў яго інфармацыі пра Ўкраіну і «хацеў падсунуць мне ўжо напісаныя артыкулы і заплаціць, каб я апублікаваў іх пад сваім імем». Пры гэтым расеец запэўніваў, што ўсё гэта зьяўляецца яго асабістай ініцыятывай, пра якую нічога ня ведае яго кіраўніцтва, — падкрэсьліў амэрыканец.

Паводле яго словаў, ён адмовіўся ад супрацы за грошы і замест гэтага прапанаваў Аляксею на правах журналісцкай крыніцы даць наяўную ў яго інфармацыю, якую Свонсан мог бы данесьці да амэрыканскай грамадзкасці, але той «зьдзівіўся», што Свонсан загаварыў пра журналістыку, будучы блогерам. «Відавочна, блогер — гэта той, каго можна накарміць прапагандай», — заўважае актывіст.

У выніку, паводле яго словаў, яны дамовіліся сьпісацца па электроннай пошце, каб «сустрэцца ў Вашынгтоне, і што ён даў бы мне інфармацыю, якую я мог выкарыстаць у якасьці рэпартэра», — паведаміў Свонсан. Паводле яго словаў, ён адправіў Аляксею электронны ліст, у якім паведаміў пра сваё жаданьне напісаць артыкул, дзе будзе адлюстраваны «і расейскі пункт гледжаньня» па цэлым шэрагу падзей: вайна ва Ўкраіне, далучэньне Крыму, крушэньне малайзійскага Boeing на Данбасе, пашырэньне НАТО на Ўсход і іншых актуальных тэмах.

На гэты ліст прыйшоў адказ: «Няма праблем, згодны», — сьцьвярджае блогер. Пасьля гэтага, паводле яго словаў, ён адправіў яшчэ адзін ліст з просьбай даць яму нумар тэлефона пасла РФ у ЗША Сяргея Кісьляка, каб узяць у яго інтэрвію, дзе той растлумачыць пазыцыю Расеі па Ўкраіне, а затым пусьціць яго ў радыёэфір.

Аднак адказу на гэты ліст не было, — піша Свонсан. У сувязі з гэтым ён усумніўся, што чалавек, зь якім ён сустракаўся, зьяўляецца тым, за каго сябе выдаваў. У той жа час асабіста даведацца пра гэта ў расейскай амбасадзе амэрыканец не адважыўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG