Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іпэшнікі» сабатуюць працу. У гандлёвых цэнтрах чуюцца заклікі выходзіць на плошчу.


Распродаж, рынак, прадпрымальнікі, Паўднёвы рынак, Горадня
Распродаж, рынак, прадпрымальнікі, Паўднёвы рынак, Горадня

Праца гандлёвых цэнтраў і рэчавых рынкаў спаралізаваная практычна па ўсёй Беларусі. Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін з кіраўнікоў прадпрымальніцкага аб’яднаньня “Перспэктыва” Вячаслаў Піліпук.

Паводле прадпрымальніка, людзі выйшлі на працу, але нічога не прадаюць, гуртуюцца, абмяркоўваючы далейшую лінію паводзінаў. Раз-пораз чуюцца эмацыйныя заклікі выходзіць на плошчу.

Па зьвестках на першую палову дня 1 сакавіка, зачыненыя павільёны ў буйнейшым у краіне комплексе «Ждановічы», лічаныя кропкі працуюць у некалі шматлюдных цэнтрах «Паркінг», «Зеркало», «Імпульс», «Атлянтык», «Сілуэт», «ЭкспаБел», «Купалаўскі», «Падземны горад». Аналягічная карціна і ў рэгіёнах.

Распродаж, рынак, прадпрымальнікі, Паўднёвы рынак, Горадня
Распродаж, рынак, прадпрымальнікі, Паўднёвы рынак, Горадня

Нагадаем, ад 1 сакавіка набыў моц прэзыдэнцкі ўказ №222. Згодна зь ім, гандляры мусяць мець адмысловыя сэртыфікаты на кожную адзінку тавару, які прадаецца. У іншым выпадку кантрольныя органы пагражаюць вялізнымі штрафамі і канфіскацыяй маёмасьці.

Прадпрымальнікі кажуць, што атрымаць суправаджальныя дакумэнты ў патрэбных аб’ёмах практычна нерэальна: большая палова тавару набываецца на аптовых рынках у Расеі, дзе ніякія сэртыфікаты не прадугледжаныя.

Апроч таго, зацікаўленыя ведамствы не пайшлі насустрач гандлярам, адмовіўшыся працягнуць тэрмін рэалізацыі так званай “рэшты” -- тавараў, завезеных да 1 ліпеня, калі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ №222. У выніку большая палова асартымэнту ў гандлёвых цэнтрах атрымала ад сёньня крымінальнае адценьне.

Як расказаў Вячаслаў Піліпук, на рынкі паступова падцягваюцца прадстаўнікі наглядных, фіскальных і кантрольных службаў, якія спрабуюць не дапусьціць несанкцыянаваных выступаў і намагаюцца ўгаварыць людзей пачаць працу. У ход ідуць аргумэнты, што, маўляў, па першым часе караць за адсутнасьць дакумэнтаў ніхто ня будзе, падставаў да хваляваньня няма.

Між тым, прадпрымальнікі такім абяцанкам ня вераць, патрабуючы ад дзяржаўных чыноўнікаў пісьмовага пацьверджаньня, што рэпрэсій ня будзе. З такой паперай, кажуць яны, прынамсі можна будзе пайсьці ў суд. А куды прыкласьці вусныя абяцаньні – ужо вядома з ранейшай практыкі бясплённых перамоваў улады і “вашывых блохаў”. Дарэчы, аўтар згаданага фразэалягізму Аляксандар Лукашэнка некалі праславіўся тым, што паабяцаў асабіста паціснуць руку апошняму прадпрымальніку ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG