Ніна Жызьнеўская, маці Міхаіла Жызьнеўскага, бярэ ўдзел у мерапрыемствах па ўшанаваньні памяці Герояў Нябеснай сотні ў Кіеве.
Яна сказала карэспандэнту Свабоды, што хацела б сустрэцца з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
«Ён мне ў лістападзе абяцаў, што ён прысвоіць Мішу званьне Героя Ўкраіны. Я хачу яму нагадаць пра гэта. І каб ён сваё абяцаньне выканаў. Тым больш, што Міша пражыў ва Ўкраіне больш за 8 гадоў і ён мае на гэта поўнае права.
У лістападзе Парашэнка ўзнагародзіў Мішу ордэнам Нябеснай сотні і ўсё. Нас цяпер запрасілі ў Кіеў. Мы думалі, што Мішу прысвоілі званьне Героя, таму і паехалі. Сёньня я прарвалася да Пятра Парашэнкі праз ахову. Я яму сказала, што я маці Жызьнеўскага і мне трэба пагутарыць. Я кажу, Пятро Аляксеевіч, на пару словаў, мне трэба пагутарыць. Ён папрасіў запісаць мой тэлефон і паабяцаў сустрэцца».
Заўтра Ніна Жызьнеўская плянуе наведаць помнік Міахілу ў Кіеве і аднесьці туды кветкі.
«Марку і паштоўку зь Мішам выпусьцілі, я за гэта ўдзячная. Але ж трэба падумаць, каб абараніць Мішыну магілу ў Беларусі. А гэта можа зрабіць толькі званьне Героя Ўкраіны», — сказала карэспандэнту Свабоды Ніна Жызьнеўская.
26 лістапада мінулага года на вуліцы Грушэўскага ў цэнтры Кіева ўсталявалі помнік беларусу Міхаілу Жызьнеўскаму — актывісту Эўрамайдану, які загінуў у дні Рэвалюцыі годнасьці адным зь першых.
Міхаіла Жызьнеўскага застрэлілі 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага. 28 студзеня яго пахавалі на могілках у вёсцы Знамя Працы каля Гомля.
Раней прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб прысваеньні 99 героям Нябеснай сотні званьня Героя Ўкраіны, аднак Жызьнеўскаму быў прысвоены ордэн Героя Нябеснай сотні. Прэзыдэнт удакладніў, што, паводле працэдуры, званьне Героя Ўкраіны немагчыма прысвоіць тром замежнікам, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці.