Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бялкоўскі: Калі ў Менску зробяць саступкі Расеі, то Пуцін пойдзе далей


Станіслаў Бялкоўскі
Станіслаў Бялкоўскі

Расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што Расея абвастрыла баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны, каб запатрабаваць выкананьня сваіх умоваў падчас сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» ў Менску.

«Паколькі таварам, які прадае Ўладзімер Пуцін, зьяўляецца мір, то, вядома, ён мусіў значна абвастрыць вайну, перад тым як ісьці на перамовы з эўрапейскімі лідэрамі. Яму трэба падкрэсьліць, што толькі ён можа ўсталяваць мір ва Ўкраіне, а за міратворчасьць трэба добра плаціць», — сказаў Станіслаў Бялкоўскі.

Разам з тым экспэрт адзначыў, што, хутчэй за ўсё, фармальна пазытыўныя навіны сёньня зь Менску паступяць — паводле шэрагу ўскосных прыкметаў, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка гатовы здаць шэраг пазыцыяў і хоча дамовіцца з Уладзімерам Пуціным.

«Але фактычна гэта ня будзе азначаць завяршэньня вайны, таму што Ўкраіна ня ёсьць канчатковай мэтай Уладзімера Пуціна. Украіна — толькі прадмет і прастора для перамоваў і торгу з Захадам. Канчатковая мэта Пуціна — стаць Сталіным і вярнуць сьвет у ялцінска-патсдамскі фармат, які быў спынены яшчэ ў 1989 годзе, калі разваліўся савецкі блёк. А вось з гэтым Захад ужо ніколі не пагодзіцца.

Замірэньне ў Данбасе магчымае, набор патрабаваньняў Пуціна зразумелы — гэта і аўтаномія данецкага і луганскага рэгіёнаў, і гарантыі з боку Ўкраіны жыцьцезабесьпячэньня Крыму, бо Пуцін ня ў стане акупаваць калідор паміж расейска-ўкраінскай мяжой і Крымам. Але на гэтым канфлікт ня скончыцца. Калі Пуцін адчуе сябе пераможцам, то ён пойдзе далей. З аднаго боку, Захад гэта разумее, але зь іншага — вельмі вялікія страхі перад вялікай вайной з Расеяй. Таму Захад будзе рабіць усё магчымае, каб не дапусьціць гэтай вайны, у тым ліку і коштам вялікіх саступак Расейскай Фэдэрацыі», — лічыць Станіслаў Бялкоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG