Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як расейскія СМІ робяць зь беларусаў літвінаў


Калі я амаль пару дзесяцігодзьдзяў таму зацікавіўся гісторыяй, мовай і культурай сваёй гістарычнай радзімы Беларусі, для мяне, канечне ж, важным наноў адкрытым рамантычным складнікам беларушчыны была спадчына Вялікага княства Літоўскага.

Беларусы, як высьветлілася, мелі і свой залаты век, слаўную гістарычную эпоху дасягненьняў і росквіту, і шанаваць і адраджаць гэтую спадчыну натуральным чынам патрабуе пачуцьцё ўласнай нацыянальнай годнасьці любога неабыякавага жыхара Беларусі і чалавека, зьвязанага з гэтай краінай. Было тады, у 90-я, шмат цікавага, як сур’ёзнага, так і наіўнага, ў тым ліку ў віртуальнай прасторы — упершыню шырока агучаная тэорыя балцкага субстрату, форумныя спрэчкі зь летувісамі, адраджэньне дударскай музыкі, першыя рыцарскія фэсты, перавыданьне Статуту ВКЛ і многае-многае іншае.

Мінулі гады. Цяпер (папраўце мяне, калі я памыляюся) у Беларусі пасьлядоўным хардкорным «літвінізмам» займаюцца пераважна нешматлікія аматары гістарычнай рэканструкцыі. Дый тое, у парадыгме, якой прытрымліваюцца найбольш пасьлядоўныя і сур’ёзныя зь іх, «літвін» ёсьць паняцьцем субэтнічным і рэгіянальна акрэсьленым або, я б сказаў, нават проста зьяўляецца гістарычна карэктным абазначэньнем сучаснага беларускага паляка, але ніяк не альтэрнатыўным саманазовам для ўсіх беларусаў ад Віцебску да Берасьця.

Я даўно (а можа і ніколі) не сустракаў, каб нехта з публічных асобаў усур’ёз прапаноўваў перайменаваць беларусаў у літвіноў

Я даўно (а можа і ніколі) не сустракаў, каб нехта з публічных асобаў усур’ёз прапаноўваў перайменаваць беларусаў у літвіноў і адкінуць увесь нелітвінскі гістарычны вопыт супольнасьці людзей, якіх цяпер прынята называць беларусамі. Такія прапановы засталіся дзесь у далёкіх 90-х разам з своечасовымі і на той момант прарыўнымі, але цяпер ужо з навуковага пункту гледжаньня састарэлымі працамі Міколы Ермаловіча. Усьведамленьне беларусамі спадчыны сярэднявечнай Літвы паступова прымае спакойныя і цывілізаваныя формы: «беларусы — таксама нашчадкі літвінаў», «Беларусь — таксама пераемніца ў тым ліку і Вялікага княства Літоўскага», пры тым, што і ад усходнеславянскай ідэнтычнасьці і спадчыны ніхто не адмаўляецца. Сытуацыя як з геапалітычным выбарам: паводле сацыялягічных апытаньняў, беларусы як нармальныя прагматычныя людзі хочуць у аднолькавай ступені сябраваць і з Захадам, і з Расеяй.

Але расейскім СМІ, напэўна, лепш відаць. За апошнія месяцы слова «літвін» нечакана зрабілася абазначэньнем галоўнай пагрозы, якая нібыта стаіць перад спакоем у Беларусі. Пра гэтую пагрозу ў вельмі падобных адна да адной публікацый раптам выказаўся цэлы шэраг трэшавых і паўтрэшавых онлайн-выданьняў:

«„Литвинская“ форма русофобии — это еще более агрессивная форма национальной неприязни, нежели та, которую можно наблюдать на Украине».

«Белоруссия разделяется по мировоззрению так же как и Украина (...) Все больше и больше белорусские националисты становятся на литвинские позиции».

«Литвинство прокладывает пропасть раскола внутри белорусского общества. Это — путь к нестабильности и внутренней напряженности, вражде и склокам. Литвинство неизбежно оправдывает белорусских коллаборационистов времен Великой Отечественной войны».

«Литвинство как белорусский аналог украинской бандеровщины претендует на древность происхождения и, будучи этнической химерой, работает на углубление духовного, культурно-исторического, территориального раскола жителей Белоруссии, России и Украины».

Сяргей Чыслаў трапна ахарактарызаваў эвалюцыю стаўленьня расейскай шавіністычнай прапаганды да ўкраінцаў: спачатку — зьдзекі і кпіны, потым — абвінавачваньне ў здрадзе.

Кпінаў і зьдзекаў па расейскай тэлевізіі за апошнія гады багата (і заслужана) дасталося Лукашэнку як, на жаль, увасабленьню сучаснай Беларусі ў вачох расейцаў. А вось у якасьці «здрады» ці «пагрозы» ў нашым выпадку можна яскрава спазыцыянаваць гэты самы выдуманы «літвінізм».

канечне ж, «літвінізм» адсутнічае ў Беларусі як нейкі акрэсьлены і выразны палітычны (дый нават і культурніцкі) фактар

Гэта выглядае як абсурд і трызьненьне — канечне ж, «літвінізм» адсутнічае ў Беларусі як нейкі акрэсьлены і выразны палітычны (дый нават і культурніцкі) фактар, і нават для беларускага нацыянальнага руху першай паловы ХХ стагодзьдзя ён ня быў галоўным ідэалягічным стрыжнем. Ды нават і слова такога ніколі не было.

Але ж зьверствы «Правага Сэктару» і «кіеўскай хунты» супраць расейскамоўнага насельніцтва Крыму і Данбасу таксама ж толькі прадукт фантазіі паліттэхнолягаў і прапагандыстаў.

Шавіністычным колам у Расеі ня так проста зьляпіць зь Беларусі нейкую пагрозьлівую карцінку ў рамках сыстэмы звыклых прапагандысцкіх паняцьцяў. Беларуская прозаходняя апазыцыя — дэмакратычная і бяскрыўдная, беларускія нэанацысты — як правіла, чарнасоценцы і прыхільнікі ідэі «расейскага сьвету», а лукашэнкаўскі рэжым сам доўгія гады змагаўся зь беларускім нацыянальным адраджэньнем, пачаўшы з дыскрымінацыі беларускай мовы і адмены ні ў чым ня вінаватай несавецкай дзяржаўнай сымболікі.

Але калі табе раптам трэба абгрунтаваць патрэбу адпраўкі розных ветлівых і ня вельмі ветлівых людзей на выратаваньне «братэрскай Беларусі» ад каварных русафобаў, можна ж і ня толькі «літвінаў» зь «літвінізмам» выдумаць, праўда?

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG