Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За адказы па-беларуску падвышаць на бал адзнакі, — прапанова ў Бабруйску


Ангеліна Белясава.
Ангеліна Белясава.

У Бабруйску на першым пасяджэньні Моладзевага парлямэнту прагучала ініцыятыва ў абарону беларускай мовы.

Навучэнка гімназіі № 1 Ангеліна Белясава прапанавала падвышаць на адзін бал адзнакі тым вучням, якія адказваюць па-беларуску. Прапанова юнай парлямэнтаркі не знайшла падтрымкі ў прысутных на пасяджэньні чыноўнікаў. У ініцыятыве Ангеліны яны ўгледзелі дыскрымінацыю, паколькі ў Беларусі, патлумачылі яны дзяўчыне, дзьве дзяржаўныя мовы. Сама ж парлямэнтарка лічыць, што падтрымліваць беларускую мову і падахвочваюць, каб на ёй гаварылі, неабходна.

Чыноўнікі ў ініцыятыве Ангеліны яны ўгледзелі дыскрымінацыю

Сваю прапанову Ангеліна лічыць слушнай. Вучні, кажа яна, пачалі б ахвотней вывучаць беларускую мову і праяўляць ініцыятыву ў яе пашырэньні.

«Дзеці б пачалі б вучыць беларускую мову, каб атрымліваць большую адзнаку», — зазначае юная парлямэнтарка.

Ангеліна заўважае: на пасяджэньні парлямэнту пра беларускую мову згадала толькі яна адна. Лічыць, што цяперашні стан мовы — гаротны. Сабе дзяўчына пастанавіла, што зоймецца вырашэньнем гэтай праблемы.

«Не гавораць на беларускай мове і ня ўсе ведаюць беларускую мову, — кажа яна.

«Я ніколі раней не задумвалася пра гэтую праблему. Мабыць таму, што не расла ў тым асяродзьдзе, у якім людзі гаварылі па-беларуску. Ды й вельмі мала я бачыла людзей, якія гавораць на гэтай мове. Калі ж я пачала адчуваць у сябе патрыятычны дух, то пачала задумвацца аб гэтай праблеме».

Бяз веданьня беларускай мовы беларус ня можа лічыць сябе патрыётам, — упэўнена заяўляе Ангеліна:

Кожны грамадзянін Беларусі павінен любіць беларускую мову

«Гэта вельмі важная частка нашай культуры. Кожны грамадзянін Беларусі павінен любіць беларускую мову — таму, што гэта наша родная мова. Кожны, хто лічыць сябе сапраўдным патрыётам сваёй радзімы, павінен ведаць родную мову. Я так лічу».

Ангеліна ня ўтойвае, што ня часта даводзіцца ёй гутарыць на беларускай мове. Прызнаецца, што гаварыць па-беларуску ёй складана — не стае практыкі:

«Я гавару на беларускай мове толькі з тымі, хто блізкі мне — сямейнікі і найлепшыя сябры. Мы спрабуем разьвіваць свае веды ў беларускай мове. Я ведаю добра граматыку беларускай мовы, але цяжка гаварыць. Я думаю на расейскай мове і мне трэба перакласьці спачатку, каб гаварыць па-беларуску. І мне цяжка гаварыць. Некаторыя зусім ня ведаюць гэтай мовы. Трэба рабіць усё, каб людзі хацелі ведаць яе».

Маці Ангеліны Любоў Станіславаўна не была супраць гутаркі дачкі з журналістам. Зазначыла, што ўхваляе цягу Ангеліны да беларускасьці. Кажа, што ў яе гэта зь дзяцінства.

Ангеліна вучыцца ў фізыка-матэматычнай клясе. Яна выдатніца. Сёлета на абласной прадметнай алімпіядзе ў Магілёве ўзяла дыплём. Паўдзельнічала ў інтэлектуальным беларускамоўным спаборніцтве «Беларускае пяціборства», якое праводзіць абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы. Кажа, што ўзяла ўдзел, каб вызначыць узровень сваіх ведаў ня толькі ў матэматычных навуках, але і ў гуманітарных дысцыплінах.

У Беларусі праекты па стварэньні Моладзевага парлямэнту рэалізуюцца ў межах глябальнай ініцыятывы ЮНІСЭФ «Горад сяброўскі дзецям». Ствараюцца яны пры гарсаветах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG