Асаблівасьці кіраваньня падначаленымі войскамі і сіламі ва ўмовах вядзеньня «гібрыднай» і «сеткацэнтрычнай» вайны вывучаюць камандзіры і начальнікі Заходняй ваеннай акругі ў ходзе апэратыўна-мабілізацыйнага збору кіруючага складу Заходняй ваеннай акругі, які пачаўся ў сераду ў Санкт-Пецярбургу, паведамляе Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі.
«Упершыню ў апэратыўна-мабілізацыйным зборы кіруючага складу ЗВА бяруць удзел афіцэры Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі. Генэралам і афіцэрам Саюзнай дзяржавы трэба абмяняцца досьведам, а таксама прыняць удзел у сэмінарах і круглых сталах», — удакладняе прэс-служба ЗВА, якую цытуе «Інтэрфакс»
Камандзіры аб’яднаньняў і злучэньняў ЗВА, штабныя афіцэры «праслухаюць адмысловы курс лекцый па кіраваньні войскамі і сіламі ва ўмовах глябальнага інфакамунікацыйнага поля», які будуць чытаць прафэсары і выкладчыкі Ваеннай акадэміі Генштабу РФ.
У зборы бяруць удзел больш за 130 генэралаў, адміралаў і афіцэраў.
«Сеткацэнтрычная вайна — ваенная дактрына (або канцэпцыя вядзеньня вайны), ўпершыню ўжытая на практыцы міністэрствам абароны ЗША. Сеткацэнтрычная вайна арыентаваная на павышэньне баявых магчымасьцяў войскаў у сучасных войнах і ўзброеных канфліктах за кошт дасягненьня інфакамунікацыйнай перавагі, аб’яднаньня удзельнікаў баявых дзеяньняў у адзіную сетку», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
У сваю чаргу гібрыдная вайна, лічаць у штабе ЗВА, — «ваенная стратэгія, якая аб’ядноўвае звычайную вайну, малую вайну і кібэрвайну». «Адной з галоўных формаў вядзеньня гібрыднай вайны зьяўляюцца інфармацыйныя дзеяньні, псыхалягічныя акцыі і кібэрнэтычныя атакі, накіраваныя як на структурныя тэхнічныя кампанэнты дзяржавы, так і на яго грамадзян. За апошнія гады кампанэнты сеткацэнтрычных гібрыдных войнаў актыўна выкарыстоўваліся процілеглымі бакамі ў ходзе войнаў і канфліктаў у Іраку, Лівіі і Сырыі », — сказана ў паведамленьні.