Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньня скасоўваецца збор на куплю замежнай валюты

абноўлена

Шэраг прынцыповых зьменаў нясе сёньняшні дзень фінансаваму рынку Беларусі. Нацбанк таксама аднаўляе выкарыстаньне мэханізму прывязкі курсу беларускага рубля да кошыка замежных валют.

Найперш, скасоўваецца камісійны збор пры куплі замежнай валюты насельніцтвам. Такое рашэньне прынятае праўленьнем Нацбанку з улікам абнуленьня ад 8 студзеня падатку на біржавыя апэрацыі. Паведамляецца, што гэта дазволіць уніфікаваць абменныя курсы куплі-продажу на розных сэгмэнтах валютнага рынку, у тым ліку ў абменных пунктах банкаў, наблізіўшы іх да афіцыйнага курсу рубля, які па выніках учорашніх таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы склаў 13760 рублёў за 1 даляр.

9 студзеня Нацбанк таксама аднаўляе выкарыстаньне мэханізму прывязкі курсу беларускага рубля да кошыка замежных валют. Пры гэтым у структуры кошыка доля расейскага рубля павялічваецца да 40%, а долі эўра і даляра ЗША зьніжаюцца да 30% кожная.

Курсы валют у абменьніку на ранак 9 студзеня
Курсы валют у абменьніку на ранак 9 студзеня

Апрача таго, Нацбанкам зроблены шэраг крокаў у сфэры працэнтнай палітыкі. Зноў жа, 9 студзеня стаўка рэфінансаваньня павялічваецца на 5 працэнтных пунктаў і складзе 25% гадавых. Ад 14 студзеня карэктуюцца працэнтныя стаўкі па апэрацыях падтрымкі ліквіднасьці банкаў: верхняя мяжа працэнтных ставак па дэпазытах юрыдычных асобаў зьніжаецца ад 50 да 40%, верхняя мяжа па рублёвых укладах фізычных асобаў пакуль захоўваецца на ўзроўні 50%, але гэтаксама будзе зьмяншацца.

Банкаўскі сэктар адрэагаваў на захады фінансавых уладаў падвышэньнем курсаў як у графе куплі, так і продажу замежнай валюты. Каля напярэдадні самы выгадныя ўмовы набыцьця даляра вагаліся ў межах 13600-13700, то сёньня раніцай найвыгаднейшы курс — 13900 за даляр і 16400 за эўра. Пры гэтым набыць валюту можна па максымальна магчымых паказьніках, хоць у вольным абарачэньні яе па-ранейшаму бракуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG