ЗША ўводзяць дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да КНДР і, перш за ўсё, фізычных і юрыдычных асобаў, зьвязаных з урадам гэтай краіны.
Белы дом заявіў, што санкцыі ўводзяцца супраць трох паўночнакарэйскіх асоб, у тым ліку дзяржкампаній па ўзбраеньні і выведцы, а таксама 10 дзяржаўных чыноўнікаў. Да іх адносяцца службовыя асобы, якія знаходзяцца ў Расеі, Іране, Сырыі, Кітаі і Намібіі.
ФБР абвінавачвае Паўночную Карэю ва ўзломе электронных рэсурсаў кампаніі Sony, што Пхеньян адмаўляе. У прыватнасьці, гэта была рэакцыя Паўночнай Карэі на амэрыканскі фільм пра Кім Чэн Ына.
Як адзначаецца ў паведамленьні Белага дома, санкцыі зьяўляюцца адказам на няспынныя правакацыйныя, дэстабілізацыйныя і рэпрэсіўныя дзеяньні Паўночнай Карэі, у прыватнасці, кібэратакі на электронныя рэсурсы кампаніі Sony Pictures Entertainment.
У заяве Белага дома адзначаецца, што ЗША з усёй сур’ёзнасьцю ставяцца да нападу з боку КНДР на амэрыканскую кампанію, мэтай якога было стварыць разбуральныя фінансавыя наступствы і пагрозу для артыстаў ды іншых асобаў для абмежаваньня іх права на свабоду самавыяўленьня. Як адзначыў раней прэзыдэнт ЗША Барак Абама, адказ на кібэратакі з боку Паўночнай Карэі на Sony Pictures Entertainment будзе прапарцыйным, і адбудзецца ў той час і будзе праведзены такім спосабам, якім гэта вызначаць самі ЗША. Сёньняшнія санкцыі зьяўляюцца першай часткай адказу, гаворыцца ў заяве.