Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі Кангрэсу за незалежнасьць зьбяруць мільён подпісаў супраць расейскага імпэрыялізму (ФОТАРЭПАРТАЖ)

абноўлена

Сёньня ў гатэлі «Вікторыя» адбыўся Ўсебеларускі кангрэс за незалежнасьць. Яго адкрыў старшыня ТБМ Алег Трусаў, які сказаў, што галоўнай задача Кангрэсу — прыняць маніфэст і сабраць мільён подпісаў грамадзянаў Беларусі ў яго падтрымку:

«Празь мільён подпісаў усе пабачаць, што Беларусь — не прахадны двор і ня частка расейскай імпэрыі».

Алег Трусаў кажа, што Кангрэс будзе працаваць стала, прыкладна раз на квартал. У прыватнасьці, на бліжэйшых сэсіях мяркуецца разглядзець сытуацыю з чарнобыльскай праблемай і з замежнымі вайсковымі базамі на тэрыторыі Беларусі.

Пасьля ўступнага слова Алега Трусава на трыбуну выйшаў Мечыслаў Грыб — чалавек, які падпісаў першую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Грыб сказаў, што сувэрэнітэт Беларусі знаходзіцца пад пагрозай, а пасьля падзеяў ва Ўкраіне зьявіўся сумнеў, што яго могуць гарантаваць міжнародныя гаранты.

Акадэмік Радзім Гарэцкі ў сваім выступе акцэнтаваў увагу на працэсе русіфікацыі Беларусі:

«Гэты працэс робіцца асабліва трывожным пасьля заявы расейскага прэзыдэнта, што Расея там, дзе гучыць расейская мова. Нават Лукашэнка ўпершыню вымушаны быў сказаць аб неабходнасьці пашырэньня беларускай мовы ў жыцьці нашай краіны».​

Радзім Гарэцкі падпісвае Маніфэст
Радзім Гарэцкі падпісвае Маніфэст

Пры абмеркаваньні праекту маніфэсту (прыняцьце якога называюць галоўнай мэтай кангрэсу) было вырашана не прымаць папраўкі ў тэкст з голасу і даць рэдакцыйнай камісіі 5 дзён для давядзеньня камісіі да кандыцыі, і толькі пасьля тэкст дакумэнты будзе перададзены ў мэдыі.

Алег Трусаў даклаў дэлегатам Кангрэсу, што ад імя кіраўніцтва Лібэральна-дэмакратычнай партыі і ад грамадзянаў Івана Анташкевіча і Анатоля Ляўковіча паступіла папраўка да маніфэсту, у якой яны патрабуюць выключыць з тэксту патрабаваньне аб выхадзе Беларусі з Эўразійскага эканамічнага саюзу.​

Алег Трусаў заявіў: «Калі мы застанемся ў ЭАЭС, то наш чакае анэксія па прыкладзе Крыму, Пуцін правядзе рэфэрэндум, галасы палічаць „правільна“, і Беларусь уключаць у склад Расейскай Фэдэрацыі».

Алег Трусаў лічыць, што такую прапанову нават нельга ставіць на галасаваньне. Удзельнікі кангрэсу зь ім пагадзіліся.​

Найбольш працяглай і цікавай было выступленьне сябра аргкамітэту кангрэсу Аляксандра Меха. Ён прапанаваў стварыць аргкамітэт аб стварэньні Руху за незалежнасьць Беларусі. Ён патлумачыў гэта тым, што кіраўнікі ўсіх апазыцыйных палітычных партыяў фактычна вычарпалі свой патэнцыял, замест працы з насельніцтвам яны езьдзяць па Брусэлях. Апору для руху спадар Мех прапануе шукаць у рэгіёнах, менавіта там, у адрозьненьне ад Менску, дэмакратычныя сілы кансалідуюцца і супольна вядуць барацьбу з рэжымам.

Аляксандар Мех паведаміў, што яму паступіла прапанова вылучыць сваю кандыдатуру ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта Беларусі. Мех сказаў, што раздумвае цяпер над гэтай прапановай.

Аляксандар Мех лічыць, што ісьці на выбары дэмакратычным сілам можна будзе толькі пры адной умове: калі ў сьпісе патэнцыйных кандыдатаў ня будзе Аляксандра Лукашэнкі. Калі ж прозьвішча Лукашэнкі будзе зноў у выбарчых бюлетэнях, то тады дэмакратычнай супольнасьці патрэбна разам байкатаваць выбары.

Ня ўсе дэлегаты кангрэсу пасьпелі агучыць свае прапановы, таму аргкамітэт вырашыў разгледзець іх у рабочым парадку. На гэтым спрэчкі па тэксьце маніфэсту скончыліся. Кангрэс прыняў спэцыяльную заяву з трох пунктаў:

  1. Пацьвярджаецца, што кангрэс становіцца стала дзейнай пляцоўкай для абмеркаваньня найбольш актуальеных падезяў у Беларусі
  2. Для каарданацыі дзеяньняў Кангрэсу абіраецца яго рада ў складзе 15 чалавек.
  3. Рада абірае каардынатара Кангрэсу для сувязі з грамадзтвам і ўладай.

Сярод кандыдатаў у склад рады называлі 17 чалавек. Таму дэлегаты прагаласавалі за тое, каб уключыць іх усіх і павялічыць склад зь 15 да 17 асобаў. Сярод сябраў рады: Алена Анісім, Сяргей Антончык, Уладзімір Арлоў, Радзім Гарэцкі, Лявон Дзейка, Уладзімір Колас, Аляксандар Мех, Аляксей Марачкін, Міхаіл Пастухоў, Алег Трусаў ды іншыя.

Адразу пасьля гэтага пачалося падпісаньне Маніфэсту аб незалежнасьці. Першыя тры подпісы паставілі Мечыслаў Грыб, Радзім Гарэцкі і вэтэран Другой сусьветнай вайны Фэлікс Шкірманкоў.

На кангрэс былі абраныя 72 дэлегаты. Прыбылі 63 асобы. Адзін з арганізатараў Алег Трусаў патлумачыў адносна невялікую колькасьць дэлегатаў тым, што да апошняга часу былі праблемы з памяшканьнем і арганізатары думалі праводзіць кангрэс на сдязібе БНФ, праз гэта колькасьць дэлегатаў была зьведзеная да мінімуму.

Алена Анісім
Алена Анісім

Як распавялі некаторыя ўдзельнікі Кангрэсу, грошай на арганізацыю не знайшлося, таму дэлегаты з рэгіёнаў дабіраліся за свой кошт.

Кангрэс завершыўся а 14-й гадзіне.

Паводле арганізатараў, Усебеларускі кангрэс за незалежнасьць мае аб’яднаць як мага больш прыхільнікаў сувэрэнітэту. ​Маніфэст у абарону незалежнасьці Беларусі, які падрыхтавалі ініцыятары, стане, на іх думку, дакумэнтам, які аб’яднае тысячы прыхільнікаў і абаронцаў беларускай дзяржаўнасьці. У аргкамітэце кангрэсу працуюць такія асобы як Алег Трусаў, Уладзімер Колас, Алена Анісім, Міхаіл Пастухоў ды іншыя

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG