«Мы помнім пра тых, хто быў несправядліва зьняволены, і заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў і поўнай павагі іх палітычных і грамадзянскіх правоў».
Гэтак напісала прэсавы прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Джэн Сакі ў заяве, прымеркаванай да 4-й гадавіны жорсткага разгону пратэсту ў Менску 19 сьнежня 2010 году.
«Мы таксама заклікаем Беларусь ушанаваць сумесную заяву ЗША і Беларусі ў сьнежні 2010 году, у якой прызнаецца, што пашырэньне павагі да дэмакратыі і правоў чалавека застаецца істотным для прагрэсу Беларусі і яе грамадзян ды зьяўляецца галоўнай умовай паляпшэньня двухбаковых адносін,» — дадала Джэн Сакі.
(1 сьнежня 2010 году ў супольнай заяве ЗША і Беларусі, прынятай па выніках сустрэчы дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава ў рамках саміту АБСЭ ў Астане, гаварылася таксама аб тым, што Беларусь прыняла рашэньне аб ліквідацыі ўсіх сваіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану.)
Цяперашняя заява Джэн Сакі падкрэсьлівае, што ўшанаваньне дэмакратычных каштоўнасьцяў Менскам будзе асабліва важным у кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году і ўмацуе сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, «якія Злучаныя Штаты адназначна і цьвёрда падтрымліваюць».