У Магілёве аўтарка беларускай Свабоды Тацяна Барысік прэзэнтавала сваю кнігу «Жанчына і леапард». У ёй — апавяданьні, якія напісала літаратарка за апошнія пятнаццаць гадоў.
Паводле сьведчаньняў тых, хто пасьпеў пачытаць кнігу — яна пра беларускае шчасьце ды няшчасьце, альбо пра герояў, на якіх звычайна майстры слова не зьвяртаюць увагу — простых людзей, з іхнымі прыземленым жыцьцём.
Сама ж Тацяна Барысік заўважае, што ў яе апавяданьнях няма адмоўных ці станоўчых герояў. Яна ня дзеліць сьвет на чорны і белы. Паводле аўтаркі ў яе кніжцы няма прыдуманы людзей:
«Як сказала мая маці, калі прачытала кнігу, што шмат каго з пэрсанажаў яна пазнае. Гэтыя пэрсанажы жывуць у кожным раёне. Чытаючы мае апавяданьні, часам захочацца сьмяяцца, часам — плакаць. Часам горка, што наўкола робіцца такое, што не павінна наагул рабіцца. Мне часта кажуць, што я апісваю людзей нешчасьлівых, але гэта няпраўда. Я хацела сваёй кніжкай дапамагчы людзям паглядзець на жыцьцё звонку —ня тое, якое яно ў тэлевізары, ці газэтах, бо там няма людзей, няма іхных думак. Мая кніга — як праца фатографа судмедэкспэртызы. Кожны можа зірнуць на нешта, але ня кожны выглядзіць важныя дэталі».
У кніжцы ёсьць і прыхаваная мара самой аўтаркі. Яна ў назьве.
«Кніжка названая так, паводле аднаго зь яе апавяданьняў „Жанчына і леапард“. У ім звычайная жанчына на пытаньне карэспандэнта пра сваю мару спачатку называе простую, да якой імкнецца. Але карэспандэнту яна падаецца не аптымістычнай. Тады жанчына кажа, што хацела б у наступным жыцьці быць леапардам. Бо ён, паводле жанчыны, вольны. Ён не зьбіваецца ў зграю ці статак, бо ў статак зьбіваюцца ахвяры, а ў зграю — драпежнікі. Леапард жа жыве сам па сабе. Мне таксама дужа падабаецца гэтая жывёліна і я хацела б у наступным жыцьці таксама быць — леапардам».
Кніжка пра бачаньне Тацянай Барысік правінцыйнага жыцьця на мяжы тысячагодзьдзяў папоўніла «Кнігарню пісьменьнікаў», якой апякуецца Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Прэзэнтавалі кнігу ў грамадзкім цэнтры «Кола». На яе прыйшлі магілёўскія літаратары і сябры Тацяны Барысік.