Сваякі затрыманага на пазамінулым тыдні журналіста газэты «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна мяркуе, што 8 сьнежня ў другой палове дня можа зьявіцца інфармацыя адносна далейшага лёсу ягонага бацькі.
«Сёньня яшчэ не прайшло 10 дзён ад затрыманьня, але так, на гэтым тыдні мусіць быць 10 дзён, і бацьку альбо мусяць выставіць абвінавачваньне, альбо вызваліць яго. Калі гэта вызначыцца, дакладна ня ведаем. У КДБ нам сказалі, што ў другой палове дня 8 сьнежня нешта стане вядома», — паведамілі сваякі Алесіна карэспандэнту Свабоды.
Ці прызначылі Аляксандру Алесіну адваката?
Паводле ранейшых зьвестак, журналісту дапамагаў дзяжурны, то бок дзяржаўны адвакат. Дзеці Алесіна паведамілі пра сытуацыю з адвакатам:
«У нас ёсьць пляны наконт адваката, нам прапанавалі чалавека, але зноў нагадаю, што была размова з супрацоўнікамі КДБ, і тыя сказалі, каб мы пачакалі да панядзелка. Таму мы і вырашылі, што калі б было ўсё гэтак сур’ёзна, дык трэба было б весьці да яго незалежнага адваката. Магчыма, усё ж і ня будзе ніякага абвінавачаньня, і яго выпусьцяць? Таму мы вельмі разьлічваем на другую палову дня».
У КДБ сытуацыю з Аляксандрам Алесіным па-ранейшаму не камэнтуюць.
Зьвесткі пра затрыманьне Аляксандра Алесіна паводле падазрэньняў у здрадзе Радзіме і шпіянажы зьявіліся ў канцы мінулага тыдня. Гэтыя зьвесткі пакуль пацьвердзілі толькі сваякі журналіста і праваабаронцы.