У Кіеве на Майдане Незалежнасьці адбылася акцыя «Ноч памяці», прысьвечаная гадавіне разгону спэцназам «Беркут» студэнцкага Эўрамайдану ў ноч на 30 лістапада 2013 года.
На плошчы сабраліся некалькі тысяч чалавек, сярод тых, хто сабраўся, было шмат моладзі і студэнтаў. Як адзначае «Украінская праўда», яны ўсталявалі некалькі бочак, у якіх распалілі вагонь, што было мэтадам саграваньня падчас пратэстаў на Майдане.
Актывісты правялі на Майдане ўсю ноч. Удзел у акцыі прынялі вядомыя актывісты, палітыкі і журналісты: Ганна Гапко, Мустафа Найем, Руслана, Ігар Луцэнка, а таксама паслы Канады, Літвы і Эўразьвязу ва Ўкраіне.
Падчас мерапрыемства каля 50 чалавек зладзілі паходневае шэсьце да Міністэрства ўнутраных справаў Украіны, дзе запатрабавалі расьсьледаваць падзеі на Майдане ў мінулым годзе. Некаторыя актывісты абматалі галовы бінтамі з чырвонай фарбай, што сымбалізавала зьбітых студэнтаў, перадае агенцтва УНН.
Да раніцы каля 200 удзельнікаў акцыі адправіліся ў Міхайлаўскі сабор, за сьценамі якога год таму зьбітыя студэнты знайшлі прытулак. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка разам з жонкай прыйшлі ў Міхайлаўскі сабор, дзе ў сем гадзін раніцы пачалася малітва за Ўкраіну.
Як паведамляе агенцтва УНІАН, былы камісар Эўрапейскага Зьвязу па пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Штэфан Фюле зьвярнуўся па skype да прысутных на майдане Незалежнасьці. Ён заявіў, што падзеі на Майдане былі пратэстам супраць ганарыстасьці той улады, якая думала, што не існуе адказнасьці.