Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады хочуць будаваць дарогі, школы і лякарні за прыватныя грошы


Пра гэта сёньня паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка падчас правядзеньня парлямэнцкіх слуханьняў на тэму прыватна-дзяржаўнага партнэрства.

Неабходнасьць гэтага закона абгрунтоўваў міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў. Ён сказаў, што дзяржаве зараз трэба два з паловай мільярды даляраў на будаўніцтва інфраструктураў: найперш, на будаўніцтва новых дарог, школ, лякарняў і гэтак далей. У бюджэце такіх грошай не хапае, зьнешнія пазыкі непажаданыя, паколькі Беларусь ужо і так мае вялікую зьнешнюю запазычанасьць. Таму адзінае выйсьце, на думку міністра, гэта прыцягнуць прыватныя грошы. Ён падкрэсьліў, што ў дадзеным выпадку аб’екты будуць дзяржаўнымі, але прыватныя арганізацыі атрымліваюць свабоду ў будаўніцтве і выкарыстаньні на доўгі тэрмін.

Пасьпяховым прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнэрства ў Беларусі міністар Снапкоў назваў аўтаматызаваную сыстэму аплаты праезду ў гарадзкім транспарце, якую ўвялі з дапамогай аўстрыйскай прыватнай фірмы.

Памочнік прэзыдэнта Беларусі па пытаньнях эканомікі Кірыл Руды лічыць, што Беларусь можа скарыстоўваць выгоды прыватна-дзяржаўнага партнэрства і без прыняцьця новага закона. Ён сказаў, што, магчыма, закон прымаць заўчасна. Спачатку трэба вырашыць усе пытаньні, паглядзець на досьвед, а пасьля, магчыма, прымаць і закон. На думку Кірыла Рудага, заканадаўства, якое на сёньняшні дзень дзейнічае ў Беларусі, не перашкаджае дзяржаўна-прыватнаму партнэрству.

Пасьля выступаў двух дакладчыкаў — міністра Снапкова і памочніка прэзыдэнта Кірыла Рудага — удзельнікі слуханьняў (а іх паўтары сотні чалавек) уступяць у дыскусію.

Старшыня Вышэйшай каардынацыйнай рады саюзу юрыдычных асобаў «Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва» Ўладзімер Карагін у перапынку паседжаньня парлямэнту выказаў сваё меркаваньне наконт таго рознагалосься, якое прагучала ў выступах міністра эканомікі Мікалая Снапкова і памочніка прэзыдэнта Кірыла Рудага падчас парлямэнцкіх слуханьняў на тэму дзяржаўна-прыватнага партнэрства.

Уладзімер Карагін: «Памочнік прэзыдэнта — малады, але вельмі граматны эканаміст. Ён разумее, што, калі прымаць такі закон, трэба ўносіць вельмі значныя зьмены ў шэраг іншых законаў. Што галоўнае для прыватнага інвэстара? Галоўнае для яго — гарантыі з боку дзяржавы. А наша дзяржава, на жаль, любіць атрымліваць фінансавыя пазыкі,але не заўжды любіць іх вяртаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG