Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы на кіеўскім Майдане: Еднасьць адчувалася ў самім паветры


Фота з сайту antimaidan.by
Фота з сайту antimaidan.by

Радыё Свабода ўзнаўляе гісторыю беларусаў на Майдане. Падзяліцца сваімі фатаздымкамі і ўражаньнямі пра ўдзел у Майдане можна да 31 сьнежня, даслаўшы іх на radiosvaboda@gmail.com.

21 верасьня Ўкраіна адзначае Дзень годнасьці і свабоды. Год таму ў гэты дзень першыя сотні ўкраінцаў выйшлі на мірны Майдан. Разам зь імі на кіеўскай плошчы былі беларусы. Побач з жоўта-блакітнымі луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, а расьцяжка «Беларусь з вамі» была, бадай, самая вялікая і правісела да апошняга.

Адным зь першых герояў Нябеснай сотні стаў беларус Міхаіл Жызьнеўскі.

Радыё Свабода ўзнаўляе гісторыю беларусаў на Майдане. Падзяліцца сваімі фатаздымкамі і самымі яскравымі ўражаньнямі пра свой удзел у Майдане можна да 31 сьнежня, даслаўшы іх на radiosvaboda@gmail.com.

Каця Рамашкевіч на Майдане
Каця Рамашкевіч на Майдане

Кацярына Рамашкевіч: «Найбольш памятаю разгон на Банкавай»

Каця, сябра Сойму партыі БНФ, езьдзіла на Майдан пяць разоў: была і падчас разгону на Банкавай вуліцы, і падчас мірнага стаяньня. Апошні раз прыехала ў Кіеў 23 лютага — пасьля расстрэлу снайпэрамі «Нябеснай сотні».

Мяне вельмі ператрэсла, калі я заўважыла, што звычайны засьнежаны асфальт пад нагамі ператварыўся ў чорную масу — сумесь попелу, бруду, вады з брандспойтаў, рэштак таго, што згарэла

«З тых падзеяў, якія я асабіста засьпела, разгон на Банкавай вуліцы — відаць, самая значная. Тады міліцыя ўпершыню выкарыстала гукавыя і сьветлавыя гранаты, сьлезацечны газ, зьявіліся моцна зьбітыя. Але мне ўсё ж больш запомнілася апошняя паездка — 23 лютага. Па-першае, тады было страшна проста выходзіць з вакзалу, ня кажучы ўжо пра тое, каб ісьці ў бок Майдана. Мае сябры папярэдзілі, што на Майдане і на суседніх вуліцах пэрыядычна страляюць снайпэры, што ёсьць шмат забітых. Калі ўрэшце я выйшла на Храшчацік і пайшла да Майдану, мяне вельмі ператрэсла, калі я заўважыла, што звычайны засьнежаны асфальт пад нагамі ператварыўся ў чорную масу — сумесь попелу, бруду, вады з брандспойтаў, рэштак таго, што згарэла. Абсалютна чорны быў будынак прафсаюзаў, чорная маса пад нагамі, і людзі вакол з чорнымі ад дыму вопраткай і тварамі. Вось у той момант мне стала вельмі страшна і кепска».

Мікалай Дземідзенка зь сябрамі
Мікалай Дземідзенка зь сябрамі

Мікола Дземідзенка: «Майдан аддаліў нашу незалежнасьць»

У актывіста Маладога фронту Мікалая Дземідзенкі два Майданы. Першы — гэта студэнцкі пратэст. Другі — агрэсія з боку ўладаў, параненыя і забітыя. Другі ўразіў яго найбольш.

«Уразіла супраціўленьне і кансалідацыя ўкраінскай нацыі, а таксама яе яднаньне. Сёньня, праз год, можна казаць, што мы назіралі яднаньне нацыі».

Алесь Баразенка
Алесь Баразенка

Аляксандар Баразенка: «Майдан зрабілі самі ўкраінцы»

На Майдане журналіст Аляксандар Баразенка быў чатыры разы. Пазьней езьдзіў і ў Крым, і на ўсход Украіны, калі там разгарнулася АТА.

Сам кажа, што на Майдане бачыў усё: «ад мірнага пратэсту да забойства „Нябеснай сотні“».

Да гэтага мне ніколі не даводзілася сутыкацца з такой салідарнасьцю і масавасьцю

«Самае яркае ўражаньне — гэта ўзровень самаарганізацыі ўкраінцаў. Хто б што ні казаў, Майдан быў зроблены самім народам. Уразіў узровень дапамогі адно аднаму, еднасьць, якая адчувалася ў самім паветры, у тым, што ўкраінцы прыходзілі на Майдан цэлымі сем’ямі, дзяўчаты гатавалі, мужчыны стаялі на барыкадах. Гэта ўсё рабілася разам цэлай нацыяй. Да гэтага мне ніколі не даводзілася сутыкацца з такой салідарнасьцю і масавасьцю».

Якой стала Беларусь пасьля Майдана:

Кацярына Рымашкевіч: «Нехта баіцца, нехта спадзяецца, а ў кагосьці новая вера прачнулася. Тыя, хто там пабываў, прайшоў праверку на трываласьць, найперш маральную і псыхалягічную. Тыя, хто не паехаў ці нават мае супрацьлеглую Майдану пазыцыю, задумаліся над нейкімі пытаньнямі пра нашу краіну».

Мікалай Дземідзенка: «Мы пабачылі, што сёньня мы вельмі далёкія ад такіх падзеяў, якія адбываліся на Майдане. Для беларусаў пакуль Майдан немагчымы, і павінен прайсьці яшчэ вельмі доўгі час, пакуль нешта зьменіцца. Мяне гэта вельмі бянтэжыць. Я аб’ектыўна ацэньваю Майдан, разумею, што ня ўсё там было прыгожа, што былі ахвяры, безь якіх, напэўна, незалежнасьць і свабода немагчымыя. Але збольшага ацэньваю ўсе падзеі пазытыўна. Магу сказаць, што для Беларусі тыя падзеі аддалілі пэрспэктывы незалежнасьці, таму што большасьць беларусаў Майдан напужаў».

Аляксандар Баразенка: «З аднаго боку, Майдан — гэта добры прыклад для тых, хто жадае нешта зьмяніць у Беларусі. Мы пабачылі, што ўсё ў руках народу. І калі аб’яднацца вакол агульнай мэты, то ўсё магчыма. Зь іншага боку, Майдан паказаў, што можа адбыцца, калі ў сытуацыю прыходзяць вялікія палітычная гульцы — такія, як Пуцін. Мы пабачылі, што Расеі вельмі не спадабалася тое, што адбылося ва Ўкраіне, і да чаго гэта прывяло. Майдан — гэта аптымістычны прыклад для беларусаў, але шмат каго з нас ён можа спужаць, бо ніхто ня хоча вайны на сваёй тэрыторыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG