Ленінскі суд Горадні прызнаў Вольгу Крапоціну вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе ўлётак з тэкстам «Верните Крым! Руки прочь от Украины» і «Ганьба здраднікам Радзімы з „трыкалорам“ у зубах. Пуцін вам далонь пацісне, як уздыме на штыках!», якія яна клала пад дворнікі аўта з расейскімі нумарамі.
Крапоціну затрымалі 19 верасьня ў цэнтры Горадні побач з гатэлем «Нёман». Пры ёй было 17 улётак. Па месцы яе жыхарства правялі ператрус, але болей нічога не знайшлі.
Сёньня ў судзе супраць Крапоцінай сьведчыў нехта Ўладзімер Гарэлаў, індывідуальны прадпрымальнік. Гарэлаў нібыта жыве ў доме, побач зь якім стаяла аўта з расейскімі нумарамі, на шкло якога Крапоціна і паклала ўлётку.
Гарэлаў патлумачыў суду, што ўбачыў гэта з вакна і выбег за Крапоцінай, маўляў, некалькі дзён таму ў яго пытаўся ўчастковы — ці ня бачыў ён, хто кладзе гэтыя ўлёткі. А паколькі Гарэлаў, як ён патлумачыў суду, вельмі шануе ўчастковага, то выбег затрымаць дзяўчыну.
Праўда, у судзе Гарэлаў так і не адказаў на пытаньне Крапоцінай — на якой падставе ён утрымліваў яе сілай. Гарэлаў толькі зазначыў, што выбег на дарогу і ўбачыў міліцыянтаў у машыне, зь якімі і затрымаў Крапоціну.
Міліцыянты ў судзе засьведчылі, што затрымлівалі Крапоціну. Адзін зь іх патлумачыў, што тэкст улёткі, як яму падалося, «апазыцыйнага характару», але ніводзін дакладна так і ня мог узгадаць, што там было напісана. Абодва казалі, што нібыта тэкст быў зьвязаны з Майданам.
У судзе Крапоціна не адмаўляла, што сама надрукавала ўлёткі ў інтэрнэт-кавярні, паклала іх на шкло машыны і гэтым самым спрабавала данесьці да грамадзян інфармацыю пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Але яна так і не зразумела, чым яе дзеяньні адрозьніваліся ад таго, як людзі штодня кладуць на тыя самыя аўта шматлікія рэклямныя матэрыялы.
Судзьдзя зачытаў ліст зь Міністэрства інфармацыі, у якім гаварылася толькі, што ўлёткі носяць масава-палітычны характар, але ацэнкі зьместу ўлётак не давалася. Паводле рашэньня суду Вольгу Крапоціну прызналі вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе ўлётак. Крапоціна з рашэньнем не пагадзілася і заявіла Свабодзе пасьля суду:
Мне прысудзілі болей, чым я ў месяц атрымліваю заробку. Абавязкова буду абскарджваць рашэньне
«Я лічу, што і пратакол складзены на мяне незаконна, і пастанова суда таксама не зьяўляецца законнай, і я буду гэта абскарджваць. Пратакол быў складзены з парушэньнем заканадаўства аб СМІ, а судзілі мяне за распаўсюд улётак, якія не адпавядаюць заканадаўству. І яшчэ, мне прысудзілі болей, чым я ў месяц атрымліваю заробку. Абавязкова буду абскарджваць рашэньне».
Сёньня ж у Сьвіслачы павінен быў адбыцца суд над мясцовым актывістам Юрыем Глебікам, якога зьвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі падчас традыцыйнага ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага. Юры Глебік у суд не пайшоў:
«Што я, блазан, каб там сядзець? Няхай вырашаюць што хочуць, бо яны гэта самі ўсё прыдумалі, то няхай самі і робяць. Я не лічу сябе вінаватым, бо я нікога не пабіў, нічога ні ў кога ня ўкраў, п’яным нідзе не ляжаў. Каб не было так сумна, то было б сьмешна, але ўсё ж даволі сумна, што так усё робіцца».