Эўрапейскі Зьвяз заяўляе, што ня бачыць канфлікту інтарэсаў у тым, што прэсавая сакратарка вярхоўнай прадстаўніцы ЭЗ па зьнешняй палітыцы Фрэдэрыкі Магерыні замужам за ключавым лабістам расейскага «Газпрому» на захадзе.
Прэсавая сакратарка Магерыні Кэтрын Рэй выйшла замуж за Томаса Барос-Тастэтса ў Францыі 19 кастрычнік 2013 году. Ён зьяўляецца партнэрам у брусэльскім філіяле лабісцкай фірмы «G+». У ягонай онлайн-біяграфіі сьцьвярджаецца, што ён «дапамагае каардынаваць эўрапейскую частку сусьветнага кансорцыюму, які кансультуе буйныя міжнародныя энэргетычныя кампаніі ў галіне сувязяў з грамадзкасьцю і дзяржаўных спраў».
Хоць тэрмін "буйная міжнародная энэргетычная кампанія" не расшыфроўваецца, вядома, што Барос-Тастэтс часта згадваецца ў СМІ як "кансультант у эўрапейскіх дзяржаўных справах для Газпрому".
У жніўні 2013 году, калі было аб'яўлена аб яго прызначэньні партнэрам у філіял у Брусэлі, «G+» заяўляла, што ён "зьяўляецца дарадцам «Газпрому» ў ягоных дачыненьнях з установамі ЭЗ у справе канкурэнцыі".
Адкрыты рэгістар Эўразьвязу сьведчыць, што Барос-Тастэтс зьяўляецца адным з супрацоўнікаў фірмы, «акрэдытаваныя для доступу ў памяшканьні Эўрапейскага парлямэнту».
Барос-Тастэтс быў заўважаны ў кампаніі міністра энэргетыкі Расеі Аляксандра Новака ў Брусэлі 29 кастрычніка, калі Новак быў у горадзе для газавых перамоваў з ЭЗ і ўкраінскіх чыноўнікаў.
Маргарыціс Шынас, галоўны прадстаўнік Эўрапейскай камісіі, які браў удзел у праверцы Кэтрын Рэй пры прыняцьці яе на новую пасаду прэсавага сакратара Магерыні, паведаміў нашаму Радыё у пісьмовым камэнтары, што Рэй паведаміла аб прафэсійнай дзейнасьці свайго мужа, у тым ліку і аб яго працы для «Газпрому».
"Рэй прайшла працэдуру этычнай праверкі на просьбу Эўрапейскай камісіі", - напісаў Шынас. Ён дадаў, што Магерыні "ўдзельнічала" у працэсе выбару Рэй, але не вылучала яе.
"Таму мы ня лічым, што існуе патэнцыйны канфлікт інтарэсаў з ... абавязкамі Рэй ў Эўракамісіі", - напісаў Шынас.
Рэй адмовілася даць свой камэнтар.
Былая міністарка замежных справаў Італіі Фрэдэрыка Магерыні была спрэчным выбарам для замены Кэтрын Эштан у якасьці кіраўніка зьнешняй палітыкі Эўрапейскага Зьвязу. Крытыкі разглядалі яе як палітычна нявопытную і, магчыма, занадта гатовую зрабіць саступкі для Расеі пад кіраваньнем Уладзімера Пуціна.