Пасьля сутак, праведзеных у аэрапорце Франкфурту, палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч здолеў трапіць у Страсбур, дзе разам з групай беларускіх журналістаў бярэ ўдзел у сустрэчы з супрацоўнікамі Рады Эўропы.
Пры дапамозе МЗС Нямеччыны палітолягу Валеру Карбалевічу выдалі аднаразовую візу, якая дзейнічае да 8 лістапада. Карбалевіч паведаміў, што пра гэта моцна паклапацілася таксама Рада Эўропы і амбасада Нямеччыны ў Беларусі.
«Нямецкая паліцыя ў аэрапорце Франкфурта выдала мне візу — да 8 лістапада. Квіток з Франкфурту да Страсбуру я купіў за свае грошы, каштаваў ён каля 60 эўра. У выніку нямецкая паліцыя дапамагла і разабрацца, дзе квіток купіць, і як сесьці ў самалёт», — сказаў Валер Карбалевіч.
2 лістапада Валера Карбалевіча затрымала франкфурцкая паліцыя за тое, што ён перасякаў мяжу з славацкай шэнгенскай візай у пашпарце. Яму забаранілі ўезд у Нямеччыну і прапанавалі вярнуцца ў Беларусь. Маючы зваротны квіток на сераду, Валер Карбалевіч раней прыняў рашэньне пажыць тры дні ў аэрапорце і дачакацца дня вяртаньня, бо прапанаваныя яму квіткі каштавалі ў межах тысячы эўра.