Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастка абсурду для віцебскіх уладаў: актывіст падае заяўкі на «шэсьце» ў краму і «сход» у лазьні


Павал Левінаў
Павал Левінаў

Праваабаронца падаў заяву ў Кастрычніцкі райсуд, каб аспрэчыць забарону чыноўнікаў на правядзеньне «аднаасобнага шэсьця, кіруючыся рашэньнем гарвыканкаму «Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску».

Павал Левінаў апавёў «Свабодзе», што праінфармаваў гарвыканкам пра тое, што зьбіраецца зладзіць аднаасобнае шэсьце па маршруце ад свайго дому да крамы «Віцебскія прадукты» — і атрымаў забарону на гэтае «масавае мерапрыемства», бо не заключыў дамовы на абслугоўваньне акцыі супрацоўнікамі ЖКГ, лекарамі цэнтральнай гарадзкой паліклінікі і міліцыяй.

«Я зьбіраюся аспрэчыць забарону, бо, па-першае, аднаасобнае шэсьце, як я гэта назваў, ніяк ня можа лічыцца масавай акцыяй. Па-другое, я хачу, каб суд ацаніў бязглуздасьць самога рашэньня Віцебскага гарвыканкаму № 881, паводле якога я мушу хадзіць у краму ў суправаджэньні лекара, міліцыянта і дворніка зь мяцёлкай! Рашэньнем „Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску“ рэглямэнтуецца, што заяўнікі акцыяў мусяць заключаць папярэднія дамовы са службай ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй і падаваць іх у органы ўлады разам з заяўкай. Але дамовіцца можна толькі са службай ЖКГ — іншыя структуры з розных прычын ухіляюцца ад заключэньня дамоваў, і таму з 2009 году, калі было прынята рашэньне, у Віцебску не было дазволена ніводнага масавага мерапрыемства з ініцыятывы тутэйшых актывістаў», — патлумачыў праваабаронца.

Паводле ягоных словаў, ён знарок падае заяўкі на мерапрыемствы, забарона якіх выглядае сьмешна і недарэчна. Так, улетку ён зьвяртаўся ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну з заяўкай на правядзеньне сходу грамадзянаў у грамадзкай лазьні. І атрымаў чаканую адмову, гаворыць спадар Левінаў:

«Аказваецца, пайсьці ў лазьню кампаніяй, прапагандуючы здаровы лад жыцьця, можна таксама толькі ў суправаджэньні міліцыянта зь пісталетам, дворніка зь мяцёлкай і лекара з наборам мэдыкамэнтаў! Гэтак было напісана ў лісьце пра забарону з раённай адміністрацыі, гэта ж пацьвердзіў і суд Чыгуначнага раёну, які не адмяніў забарону чыноўнікаў. Таму мне давялося і далей даводзіць сытуацыі да поўнага абсурду.

У лазьню кампаніяй мы ўсё-ткі схадзілі. Адпаведна, парушылі забарону. Пра што я і напісаў сам на сябе заяву ў Чыгуначны РАУС

У лазьню кампаніяй мы ўсё-ткі схадзілі. Адпаведна, парушылі забарону. Пра што я і напісаў сам на сябе заяву ў Чыгуначны РАУС. Там нават праводзілі праверку, падчас якой высьветліліся ня менш абсурдныя акалічнасьці.

Двое супрацоўнікаў міліцыі напісалі рапарты, што ў адзін дзень са мной яны таксама наведвалі тую самую лазьню „з мэтай памыўкі і адпачынку“. Але мяне там ня бачылі, значыцца, парушэньня з майго боку нібыта і не было. Аднак парушэньне дапусьцілі яны: паводле службовага графіку абодва міліцыянты ў гэты самы час мусілі знаходзіцца на працы, а не „адпачываць“ у лазьні!

Пра гэта я паведаміў ва ўправу ўласнай бясьпекі. Няхай там разьбяруцца, чым займаюцца віцебскія міліцыянты ў працоўны час. Ці, можа, яны схлусілі ў сваіх рапартах, што былі ў лазьні, — а мы ведаем такія прыклады, калі супрацоўнікі міліцыі сьведчаць ілжыва. Напрыклад, пра тое, што актывісты „лаюцца матам у грамадзкім месцы“».

Заяву праваабаронцы пра апошнюю забарону на паход у краму мусіць разглядаць раённы суд, на тэрыторыі якога знаходзіцца Віцебскі гарвыканкам. Менавіта туды зьвяртаўся Левінаў, бо маршрут меркаванага «шэсьця» праходзіў па тэрыторыі двух раёнаў.

На ягоную думку, гарвыканкам мусіць урэшце зрэагаваць на тое, што людзі адкрыта сьмяюцца з чыноўнікаў. Іншага не застаецца: сур’ёзныя захады, каб унесьці зьмены ў рашэньне гарвыканкаму «Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску» ні да чога не прывялі. На скаргі ў самыя розныя інстанцыі мясцовыя актывісты заўжды атрымлівалі толькі адзін адказ: рашэньне прайшло юрыдычную экспэртызу, занесена ў рэестар прававых актаў, і таму нібыта абсалютна бездакорнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG