Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Утрыманьне Данецкага аэрапорту: гераізм, упартасьць ці разьлік?


Абаронцы Данецкага аэрапорту
Абаронцы Данецкага аэрапорту

Пра тое, што паўтара месяца таму была дасягнутая дамоўленасьць аб абмене Міжнароднага аэрапорту Данецк на іншыя тэрыторыі, захопленыя прарасейскімі баевікамі — але яна не выконваецца, паколькі ўкраінскі бок ня хоча саступіць гэты аб’ект — заявіў экс-кіраўнік Данецкай абласной адміністрацыі Сяргей Тарута. Адначасова ў Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны заяўляюць, што магчымасьць абмену аэрапорту або любых іншых тэрыторый не разглядаецца.

Былы старшыня Данецкай абласной адміністрацыі Сяргей Тарута кажа, што не разумее, чаму ўкраінская ўлада працягвае ўтрымліваць Данецкі аэрапорт. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію «Камерсанту».

«Я так разумею, аддаваць ня хочуць, і таму наступаюць кожны дзень на аэрапорт. Толькі навошта ён патрэбны, калі там зьнішчана ўся інфраструктура, і ён не прыдатны для якіх-кольвечы палётаў», — сказаў Тарута.

Пры гэтым, паводле яго, раней была дасягнутая дамоўленасьць аб абмене аэрапорту на іншыя захопленыя баевікамі тэрыторыі. Гэта былі перамовы яшчэ паўтарамесячнай даўнасьці. Спачатку на іх разглядаўся варыянт, каб Наваазоўск вярнуць Украіне, а ўзамен атрымаць частку тэрыторыі на поўначы Данецкай вобласьці. Потым гаварылася пра тое, каб украінскі бок саступіў аэрапорт.

«Я не разумею, чаму адмаўляюцца наверсе, але такія перамовы ёсьць, яны былі, пра гэта дамовіліся, але чамусьці ня хочуць саступаць з гэтага боку. Прычым была дамоўленасьць, што спачатку нам саступаюць, а потым мы аддаём аэрапорт», — сказаў Тарута.

Аднак міністар абароны Сьцяпан Паўтарак неўзабаве пасьля свайго прызначэньня выключыў, што міжнародны аэрапорт імя Пракоф’ева ў Данецку перададуць баевікам.

«Гэты аэрапорт — сымбаль мужнасьці і гераізму нашых салдат. Ён нам патрэбны, гэты аэрапорт, і мы будзем яго абараняць», — заявіў ён.

Міністар адзначыў, што Ўзброеныя сілы дасягнулі такога ўзроўню, што могуць працяглы час эфэктыўна ўтрымліваць гэты аб’ект пад сваім кантролем.

Прадстаўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Андрэй Лысенка ў камэнтары Радыё Свабода таксама заявіў, што любыя тэрытарыяльныя абмены пакуль не разглядаюцца, як не разглядаліся і паўтара месяца таму.

Каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў», вайсковы экспэрт Канстанцін Машавец у інтэрвію Радыё Свабода прызнаў, што пытаньне абмену аэрапорту на іншыя тэрыторыі зьяўляецца выключна палітычным. З вайсковага пункту гледжаньня, на яго думку, гэты аб’ект мае сэнс утрымліваць да таго часу, пакуль гэта ня будзе каштаваць украінскаму боку вялікіх чалавечых стратаў.

Мышавец дадаў, што ўкраінскія сілы тэарэтычна маглі б пакінуць аэрапорт, адступіцца на пару кілямэтраў і заняць новую лінію абароны ў выпадку неабходнасьці.

Поўны матэрыял чытайце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG