Рада ААН па правах чалавека прызначыла Харасьці спэцдакладчыкам па Беларусі ў 2012 годзе. Ён адзначыў, што ўважліва адсочваў сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, і за апошні год яна істотна не зьмянілася.
Харасьці адзначыў, што дзейнасьць грамадзянскай супольнасьці паралізуюць тры асноўныя фактары: дазвольны прынцып рэгістрацыі аб’яднаньняў і масавыя адмовы ў рэгістрацыі, крымінальная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі і яе фінансаваньне.
Паводле спэцдакладчыка, у Беларусі паўсюдна выкарыстоўваюцца пагрозы і папярэджаньні для запалохваньня праваабаронцаў, каб перашкодзіць іх дзейнасьці.
У якасьці станоўчых тэндэнцый Харасьці назваў ўнясеньне паправак у заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях і палітычных партыях, якія ўступілі ў сілу ў лютым 2014 году. А таксама вызваленьне па амністыі праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Харасьці адзначыў, што так і ня змог пабываць у Беларусі. Ён выказаў надзею, што беларускія ўлады ўсё ж пагодзяцца зь ім супрацоўнічаць.
Прадстаўнік МЗС Беларусі падчас пасяджэньня заявіў, што «даклады аб сытуацыі ў Беларусі пішуцца спэцдакладчыкам пад дыктоўку з Брусэлю» і назваў гэта «спробай умяшаньня ва ўнутраныя справы».
Паводле прадстаўніка Беларусі, з моманту заснаваньня мандата спэцдакладчыка ў 2012 годзе Беларусь папярэджвала, што яго дзейнасьць ня будзе аб’ектыўнай і непрадузятай.
Удзельнік дыскусіі ад Расеі назваў даклад «палітычна ангажаваным і аднабокім».
У падтрымку даклада Харасьці выступілі прамоўцы ад Канады, Швэйцарыі, Нарвэгіі.