Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як віць вяроўкі з Пуціна


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Наступным годам Беларусь атрымае ад Расеі шчодры падарунак — ня менш як 2,5 млрд даляраў. Своеасаблівая гуманітарная дапамога Лукашэнку да прэзыдэнцкіх выбараў.

Падкрэсьлім: гэта менавіта падарунак. Не крэдыт, які сёлета атрымала Беларусь. Ніякімі пагадненьнямі Расея не абавязаная даваць такія грошы саюзьніку. Перамены ў падатковай сыстэме — гэта ўнутраная справа кожнай краіны Мытнага саюзу, яны не рэгулююцца дакумэнтамі гэтага аб’яднаньня, ва ўсялякім разе, на цяперашнім этапе. Уласна кажучы, падатковы манэўр у Расеі часткова і ажыцьцяўляецца дзеля таго, каб нэўтралізаваць прэтэнзіі Беларусі («гандаль без абмежаваньняў і выключэньняў»), легалізаваць адмову Масквы падтрымліваць беларускі нафтавы афшор. І цяперашняя згода РФ кампэнсаваць Менску страты — гэта проста прэмія Беларусі за згоду стаць удзельніцай Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС).

Самае цікавае, што Беларусь атрымала згаданую прэмію двойчы ў 2014 годзе. Вясной, перад падпісаньнем дамовы аб утварэньні ЭАЭС, Менск жорстка патрабаваў, каб мыта на нафтапрадукты, якое Беларусь пералічвае ў расейскі бюджэт, засталося ў беларускім бюджэце. Лукашэнка ставіў гэтае пытаньне ў форме амаль што ўльтыматуму. Маўляў, Менск падпіша пагадненьне аб утварэньні ЭАЭС толькі пры ўмове, што Расея пагодзіцца задаволіць патрабаваньне Беларусі. Выступаючы 22 красавіка ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем, Лукашэнка заявіў:

«Я скажу маім гасьцям і калегам, ці жадаюць яны ствараць саюз, ці не... Давайце прыбярэм усялякія абмежаваньні. Але калі гатовыя сёньня толькі падпісваць дамову, а абмежаваньні прыбраць праз 10–15 гадоў, то вось тады і падпішам».

Масква тады паддалася на шантаж і пайшла на саступкі. За подпіс Лукашэнкі Расея пагадзілася, каб наступным годам палова аб’ёму мыта за экспарт нафтапрадуктаў заставалася ў беларускім бюджэце (гэта каля 1,5 млрд даляраў). Таксама РФ пацьвердзіла сваё абяцаньне выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры 2 млрд даляраў. Грошы былі пералічаныя ў верасьні, праўда, у расейскіх рублях. Акрамя таго, Менск атрымаў згоду Масквы на павелічэньне паставак нафты на беларускія НПЗ наступным годам, а таксама дамогся права прадаваць на расейскім рынку вырабленыя ў Беларусі аўтамабілі Geely.

І вось цяпер, спасылаючыся на падатковы манэўр у Расеі, беларускае кіраўніцтва заявіла, што не ратыфікуе дамову аб утварэньні ЭАЭС, пакуль Масква не кампэнсуе Беларусі страты ад гэтай эканамічнай апэрацыі. І што вы думаеце? Расея пагадзілася. Цяпер усё мыта за экспарт нафтапрадуктаў застанецца ў Беларусі, што ацэньваецца як 2,5 млрд даляраў дадатковых паступленьняў у беларускі бюджэт наступным годам. Нядрэнны падарунак Лукашэнку да прэзыдэнцкіх выбараў.

Прадаць два разы адзін і той жа тавар — згоду стаць удзельнікам ЭАЭС — гэта вышэйшы пілятаж. Больш за тое, Беларусь ратыфікавала дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу з заявай, якая фактычна закладае міну пад існаваньне самага гэтага інтэграцыйнага аб’яднаньня.

«Рэспубліка Беларусь заяўляе, што добрасумленна будзе выконваць свае абавязаньні ў рамках Дамовы і распачне іншыя меры па яго рэалізацыі пры ўмове, што да гэтага моманту на трохбаковай або двухбаковай аснове будуць дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасьці аб зьняцьці бар’ераў, абмежаваньняў і выключэньняў у гандлі асобнымі відамі тавараў і аказаньні асобных відаў паслуг, у першую чаргу ў дачыненьні да энэрганосьбітаў, прадукцыі зборачных вытворчасьцяў, лібэралізацыі аўтамабільных перавозак і іншых адчувальных пазыцыяў. Пры гэтым дадзеныя дамоўленасьці павінны ўтрымліваць палажэньні аб недапушчальнасьці іх пагаршэньня ў наступны пэрыяд да поўнай ліквідацыі выключэньняў і абмежаваньняў у Эўразійскім эканамічным саюзе».

Па словах прадстаўніка Беларусі ў Эўразійскай эканамічнай камісіі С. Румаса, да траціны тавараў у рамках ЭАЭС прадаюцца з абмежаваньнямі і выключэньнямі. То бок Беларусь легітымізуе сабе права ў любы момант адмовіцца ад любых абавязаньняў у межах гэтага саюзу. У перакладзе на нармальную мову ўсё гэта азначае: мы будзем выконваць пагадненьні ЭАЭС толькі пры ўмове, што Расея будзе нам плаціць столькі, колькі мы скажам!

Гэтай заявай Беларусь фактычна зводзіць на нішто ўсе пагадненьні ў рамках гэтага саюзу, увогуле ўвесь праект ЭАЭС. Цікава, як на ўсё гэта адрэагуе Расея?

Сёньня на Захадзе вялікая праблема з тым, як паўплываць на Пуціна. Лічыцца, што зь ім немагчыма дамовіцца. А вось Лукашэнка паказаў, што, аказваецца, з Пуціна можна вяроўкі віць. Толькі калі ведаць як. Лукашэнка можа арганізаваць у Менску курсы павышэньня кваліфікацыі па працы з кіраўніцтвам Расеі. І браць за гэта цьвёрдай валютай.

10.10.2014 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG