Большасьць беларусаў падтрымліваюць расейскую пазыцыю па анэксіі Крыма і канфлікту ў Данбасе, але не жадаюць, каб Расея пачала ва Ўкраіне паўнамаштабную вайну.
Аб гэтым сьведчаць зьвесткі зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.
У тое, што пасьля зьвяржэньня Віктара Януковіча да ўлады ва Ўкраіне прыйшлі «фашысты» вераць 52,2% беларусаў, а 32,2 з гэтым ня згодны. Вайсковую апэрацыю ўкраінскіх сілавікоў супраць сэпаратыстаў у Данбасе 60,6% грамадзян Беларусі лічаць «злачынствам», а 25% упэўнены, што малазійскі «Боінг» зьбілі менавіта ўкраінскія вайскоўцы (48,5% пры гэтым ня ведаюць, хто вінаваты). Адначасова 67,4 % беларусаў адмоўна ставяцца да санкцый краін Захаду ў адносінах да Расеі, а 59,9% лічаць анэксію Крыма «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».
Між тым, ідэю адпраўкі расейскай арміі на дапамогу сэпаратыстам падтрымліваюць толькі 14%, пры тым, што 53,6% выступаюць супраць гэтага. У выпадку адкрытай вайны паміж Расеяй і Украінай 74,8% беларусаў лічаць, што Беларусі ня трэба дазваляць Маскве ўводзіць свае войскі ва Ўкраіну праз беларускую тэрыторыю, а згодны на гэта толькі 15,2%.
Акрамя таго, пераважная большасьць апытаных (76,9%) адмоўна ставяцца да ўдзелу беларусаў-дабраахвотнікаў у вайне на Данбасе незалежна ад таго, на чыім баку яны ваююць.