Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад паслугаў сваёй колішняй фаварыткі — Натальлі Пяткевіч, якую ў сярэдзіне 2000-х некаторыя нават называлі «жалезнай лэдзі» беларускай палітыкі. Аднак кар’ерны рост спыніўся акурат праз два дзясяткі гадоў пасьля таго, як 22-гадовая выпускніца юрфаку трапіла ў бліжэйшае атачэньне першага прэзыдэнта краіны. Чаму Пяткевіч аказалася не даспадобы вышэйшаму кіраўніцтву — высьвятляў Ігар Карней.
Апошняя пасада 41-гадовай Натальлі Пяткевіч у лукашэнкаўскай адміністрацыі — памочніца прэзыдэнта. Паведамляецца, што кантракт зь ёй прыпынены са згоды бакоў. У камандзе Лукашэнкі яна адслужыла 20 гадоў, і ў апошняе дзесяцігодзьдзе сама была ўвасабленьнем улады, за што і трапіла ў чорны сьпіс беларускіх чыноўнікаў, неўязных у ЗША і краіны Эўразьвязу.
Намэнклятурны шлях Натальлі Пяткевіч пачаўся ў 1994 годзе, калі новаствораная адміністрацыя прэзыдэнта фармавала штат супрацоўнікаў. Тут да 2001 году яна вырасла ад вядучага спэцыяліста да начальніка дзяржаўна-прававога ўпраўленьня. Наступныя тры гады была набліжаная да асобы № 1, стаўшы прэсавай сакратаркай Лукашэнкі. Той пэрыяд журналісты згадваюць ня лепшым словам, бо нешта выцягнуць зь Пяткевіч было праблематычна. Пасьля гэтага яе кар’ера рэзка пайшла ўгару: у 2004-м яна прызначаецца намесьніцай, а ў 2009-м — першай намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. У гэты пэрыяд дзейнасьць амбітнай кіраўніцы адзначаная фармаваньнем кола апанэнтаў, якія былі незадаволеныя, што імі камандуе 30-гадовая прэзыдэнцкая фаварытка.
Колішні кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі пасьля паўтара дзясятка гадоў ідэалягічнай службы быў звольнены з пасады на пачатку 2011-га. Неўзабаве зьехаў у Санкт-Пецярбург, дзе і цяпер працуе мэдыякансультантам. Да канца 2000-х шчыльна кантактаваў са спадарыняй Пяткевіч, якая курыравала ідэалёгію і СМІ. Спадар Зімоўскі адмаўляе, што паміж імі, як сьцьвярджаюць журналісты, былі ідэйныя супярэчнасьці:
«Не, гэта, ведаеце, міт пра наш нібыта канфлікт, такая беларуская апаратная легенда. На самой справе ў нас былі цалкам нармальныя адносіны, яна нават запрашала нас з жонкай да сябе на вясельле, былі падарункі, кветкі, усе належныя атрыбуты. Зь яе мужам Аляксандрам Мартыненкам мы і цяпер сябруем, так што ня бачу тут ніякіх канфліктных палёў. І яшчэ: яна не была маёй начальніцай, яна была першай намесьніцай кіраўніка адміністрацыі. А паводле тагачаснага статуту старшыня Белтэлерадыёкампаніі наўпрост падпарадкоўваўся прэзыдэнту. Так, яна курыравала гэтыя пытаньні — мэдыі, ідэалёгію. Да яе рэгулярна зьбіраліся на нарады, яна там ставіла нейкія задачы, рэтрансьлявала пажаданьні кіраўніка дзяржавы. Вось гэтыя функцыі яна выконвала, але не была начальніцай, ня мела права аддаць мне ніякі загад. Ня ведаю, як выбудоўваліся адносіны з астатнімі, а ў нас было так. Калі нешта абмяркоўвалі, сустракаліся і тэт-а-тэт, і ў вузейшым коле, то размова ішла не на канфліктных тонах. Насіла дыскусійны характар, бо яна цьвёрда настойвала на сваім пункце гледжаньня. І гэта яе моцны бок, бо яна вельмі хутка ўсё разумее, ёй ня трэба доўга тлумачыць на пальцах, думку схоплівае адразу. Зноў жа, жонка майго сябра, чаму не працаваць?»
Між тым Аляксандар Зімоўскі ня верыць, што Натальля Пяткевіч добраахвотна сыходзіць зь цяперашняй пасады, і не выключае трэцяй сілы, якая прысьпешыла канец кар’еры прэзыдэнцкай чыноўніцы:
Што тычыцца таго — я стамілася, я сыходжу — то ў гэта я ніколі не паверу. Ня той характар
«Што тычыцца таго — я стамілася, я сыходжу — то ў гэта я ніколі не паверу. Ня той характар. Я вам скажу так: у нефармальных адносінах вышэйшай пасады, чым яна зараз займала, няма. Вышэй толькі прэзыдэнт. Падкрэсьліваю — нефармальных. Таму што яна кантралюе доступ да прэзыдэнта. З гэтай прычыны ў яе мог пачацца канфлікт, прыкладам, з тымі, хто гуляе з прэзыдэнтам у хакей. Яны таксама маюць доступ да прэзыдэнта. Калі найшла, як кажуць, каса на камень і яны не змаглі ўрэгуляваць, хто больш адказвае за гэты доступ і ў якіх аб’ёмах, то гэта магло паўплываць на яе апаратны лёс».
Карэспандэнт: «У чым жа такая сіла памочніка, які займае ледзь не другую прыступку ў дзяржаўнай герархіі? Якія функцыі былі ў Пяткевіч?».
«Як вам патлумачыць? Памочнік першы ці галоўны — так яны, вядома ж, не называюцца — але той, які сядзіць насупраць кабінэта прэзыдэнта, той і ёсьць галоўны. Таму што ён у любым выпадку першы дабяжыць да прэзыдэнта. Ну дык вось, гэты памочнік адказвае, калі казаць вобразна, за чысьціню працоўнага стала кіраўніка дзяржавы. Трохі ўяўляючы манеру Натальлі Ўладзімераўны працаваць, не зьдзіўлюся, калі стол у кабінэце Лукашэнкі аказаўся завалены паперай. Такі чалавек, што зробіш? Нейкія манэўры, нешта разруліць, патэлефанаваць камусьці зь нейкімі даручэньнямі ад прэзыдэнта — гэта так. А працаваць як бюракрат — бюракрат у добрым сэнсе, упраўленчы работнік, мэнэджэр карпаратыўны — вось гэтага няма».
Карэспандэнт: «У апошнія гады, як Пяткевіч стала памочніцай, яна практычна не была відаць у мэдыйным полі. Куды падзеліся амбіцыі „жалезнай лэдзі“»?
«Ведаеце, гэта спэцыфіка яе апошняй пасады. Яна павінна была паднесьці папку з дакумэнтамі. Адчыніць дзьверы кіраўніку дзяржавы — не ў аўтамабілі, а пры ўваходзе ў залю. Скаардынаваць працу розных паператворцаў, патэлефанаваць туды-сюды, прывезьці тэчку з дакумэнтамі з рэзыдэнцыі ў Дразды, калі прэзыдэнт працуе з дакумэнтамі дома. Я ня ведаю, як яна ператварылася з „жалезнай лэдзі“ ў бюракрата. Гэты працэс неяк міма мяне прайшоў. Былі чуткі, што яна будзе ледзь не наступным прэзыдэнтам. Можа, якраз гэтыя чуткі крыху ёй жыцьцё і папсавалі. Гэтага, як вы ведаеце, у нас ня любяць».
Былі чуткі, што яна будзе ледзь не наступным прэзыдэнтам. Можа, якраз гэтыя чуткі крыху ёй жыцьцё і папсавалі
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Пяткевіч непрацяглы час была па-за дзяржаўнымі справамі і задавольвалася грамадзкай нагрузкай старшыні Беларускай фэдэрацыі горналыжнага спорту і сноўборду. Але ў 2011-м яна зноў вяртаецца ў адміністрацыю, стаўшы памочніцай Лукашэнкі. На гэтай пасадзе яна замяніла адпраўленага ў адстаўку Ўладзімера Мацьвейчука, які дагэтуль чым толькі не кіраваў — і ідэалёгіяй на «Полацак-Шкловалакне», і Беларускім тэлебачаньнем, і нацыянальнай культурай.
Мэдыя-аналітык Сьвятлана Калінкіна лічыць, што насамрэч Пяткевіч «вымаліла волю», паколькі бачыла сваё разьвіцьцё ў іншай плоскасьці:
«На самой справе Натальля Пяткевіч адразу хацела зьехаць у якасьці амбасадара, нават ужо была ўзгодненая яе кандыдатура кіраўніком дыппрадстаўніцтва ў Парыжы. Але потым усё гэта адмянілі, адкруцілі назад. Я ня бачу ніякіх прыкметаў, што Натальля Пяткевіч пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў была шчасьлівая працаваць у адміністрацыі. Імпэт некуды зьнік, яна стала проста іншай — паводзіла сябе досыць ціха і ўвогуле не была падобная сама да сябе ўзору яшчэ пяцігадовай даўнасьці. Таму я не выключаю такой магчымасьці, што яна ўсё ж нейкім чынам вымаліла сабе свабоду. І, магчыма, пойдзе на іншую пасаду ў тое ж МЗС, напрыклад».
Карэспандэнт: «Аналітыкі ахвотна ўзнагароджвалі яе тытуламі кшталту „жалезнай лэдзі“. Але, відаць, пры цяперашняй мадэлі канкурэнтаў у прэзыдэнта быць папросту ня можа?»
«Відавочна, што калі перад апошнімі прэзыдэнцкімі выбарамі ўзьнікла ідэя грамадзкай рады пры прэзыдэнце, была нейкая надзея на пацяпленьне, на тое, што яны так ці іначай здолеюць зьмяніць твар. Але ўсё гэта разьбілася аб шыбы Дому ўраду, і пасьля гэтага Натальлю Пяткевіч было ўжо не пазнаць. Яна ператварылася ў цалкам нябачную фігуру. У нейкіх тэхнічных момантах была задзейнічаная, а так паводзіла сябе вельмі і вельмі ціха».
Некаторыя экспэрты лічаць, што фатальнай памылкай Натальлі Пяткевіч, якой ёй не даравалі ў «чырвоным» доме на Карла Маркса, 38, стаў тэлефонны «развод» Лукашэнкі пранкерам пад нікам Vovan222. Неўзабаве пасьля ўцёкаў з Украіны Віктара Януковіча расейскі тэлефонны хуліган ад імя старэйшага сына Януковіча здолеў прарвацца праз шматлікія фільтры спэцслужбаў, каб папрасіць у Лукашэнкі прытулку для «бацькі». Ні кіраўнік Беларусі, ні ягонае атачэньне падвоху не заўважылі. Аднак калі гэта сапраўды так, то звольніць Пяткевіч ды яе няпільных падначаленых мусілі былі яшчэ на пачатку лета.