«Па-першае, мы б хацелі атрымаць тлумачэньні ад Брусэлю, наколькі гэты заклік зьяўляецца складовай часткай стратэгіі Эўразьвязу адносна Беларусі. Ці гэта ёсьць прыватнае выказваньне спадарыні Майры Моры, ці гэта ўсё ж ёсьць пазыцыя, якая ўзгодненая з Брусэлем і зьяўляецца новай стратэгіяй ЭЗ. Таму мы будзем накіроўваць адпаведны запыт, каб зразумець, з чым мы маем справу.
Па-другое, канечне, для дыплямата, для асобы, якая прадстаўляе інтарэсы такой уплывовай, вялікай арганізацыі, такія заявы як мінімум палітычна некарэктныя. І, канечне, гэта ўжо выкарыстоўваецца прапагандай як заява ад ЭЗ, зьвернутая да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Прапаганда гэта ўжо выкарыстоўвае і будзе далей выкарыстоўваць. Я думаю, што гэта нескладана было б прадказаць чалавеку з такім досьведам працы ў Беларусі, што так яно і будзе, і што гэтаму выказваньню будзе дадзена пэўнае тлумачэньне. То бок гэта скандал, я лічу гэта недапушчальным. Для кагосьці гэта, можа, і рэвэранс перад уладай, але многімі гэта ўспрымаецца як абраза. Гэта можа быць так успрынята і АГП, якая страціла і Ганчара, і Захаранку, і мы гэта зьвязваем зь дзейнай уладай. Я і большасьць сяброў партыі будуць лічыць гэта абразай для нашай палітычнай структуры», — заявіў Анатоль Лябедзька.
22 верасьня падчас перадачы «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ, прысьвечанай сытуацыі ва Ўкраіне, кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора сказала:
«Беларусы, вы мірныя людзі, падтрымлівайце вашага прэзыдэнта, каб у суседняй вашай краіне не было вайны больш».
На гэта падчас перадачы адрэагаваў праўладны палітоляг Вадзім Гігін. Ён сказаў, што «гэтыя словы дарагога каштуюць».
Выказваньне прадстаўніцы ЭЗ, аднак, выклікала нэгатыўныя камэнтары ў беларускай апазыцыі.