Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байцы «Пагоні» ня выкрытыя КДБ, хоць спробы былі, — прадстаўніца атраду


Тацяна Елавая
Тацяна Елавая

Пасьля публікацыі на сайце Свабоды інтэрвію з намесьнікам старшыні Валынскай абласной рады Ігарам Гузём з рэдакцыяй зьвязалася грамадзкая актывістка Тацяна Елавая, назваўшыся прадстаўніцай атраду «Пагоня», які ваюе на ўкраінскім баку ў Данбасе.

Адзін з арганізатараў атраду «Пагоня» з украінскага боку Ігар Гузь у інтэрвію «Свабодзе», cярод іншага, паведаміў, што беларускія спэцслужбы ідэнтыфікавалі некаторых байцоў гэтага добраахвотніцкага атраду, і тыя, хутчэй за ўсё, ужо ня вернуцца ў Беларусь, бо апасаюцца рэпрэсіяў.

Тацяна Елавая папрасіла апублікаваць удакладненьні да гэтай інфармацыі.

«У чытача можа ўзьнікнуць памылковае ўражаньне, што „Пагоня“ цалкам выкрытая спэцслужбамі. Ад імя „Пагоні“ я адказна заяўляю, што на дадзены момант сытуацыя зь бясьпекай нашых людзей знаходзіцца пад кантролем. У КДБ ёсьць інфармацыя, што пэўныя людзі зь ліку беларусаў могуць мець дачыненьне да „Пагоні“. Моцны ціск на нашых людзей ідзе зь першага дня, як было абвешчана пра стварэньне атраду. Аднак на дадзены момант ніхто з нашых байцоў ня вылічаны, у КДБ ёсьць толькі здагадкі альбо ўскосныя пацьвярджэньні датычнасьці тых ці іншых людзей да справы. Гаворка ідзе пра некалькіх чалавек, якія з-за ўласнай недысцыплінаванасьці далі падставы так меркаваць. Гэта адбылося празь неабачлівую актыўнасьць гэтых людзей у інтэрнэце. На дадзены момант яны на свабодзе. Калі будзе патрэбна, яны і іх родныя атрымаюць ад атраду ўсю неабходную дапамогу».

Спадарыня Елавая зазначае, што ў атрадзе кіруюцца прынцыпамі кансьпірацыі:

«Мы ўсьведамлялі, што так можа адбыцца, таму розныя групы „Пагоні“ паміж сабой не перасякаюцца, кожны баец валодае абмежаванай інфармацыяй пра іншых. Людзі з розных групаў могуць ня ведаць іншых у твар альбо па імені. Аналягічна на ўзроўні арганізацыі працэсу — зоны адказнасьці і доступ да інфармацыі строга падзеленыя. У сытуацыі рэпрэсіяў альбо вярбоўкі кагосьці з байцоў альбо арганізатараў спэцслужбы ня змогуць атрымаць інфармацыю пра ўсю структуру».

Таксама спадарыня Елавая абвяргае зьвесткі Гузя, што была ўзламана электронная пошта «Пагоні»:

«Гэта ня так, хаця спробы ўзлому нашых акаўнтаў зьдзяйсьняліся неаднаразова. Асобы, якія пісалі нам на пошту ці плянуюць гэта зрабіць, на гэты конт могуць не хвалявацца».

Елавая прызнае, што частка байцоў атраду цяпер сапраўды на ратацыі:

«У мэтах бясьпекі я не магу камэнтаваць інфармацыю пра тое, што людзі з „Пагоні“ вярнуліся на тэрыторыю Беларусі ці плянуюць тое зрабіць».

Елавая «ад імя атраду» просіць журналістаў не шукаць кантактаў байцоў дзеля публічных інтэрвію:

«Даваць канкрэтную інфармацыю пра месцазнаходжаньне і канкрэтную дзейснасьць нашых людзей мы будзем толькі ў скрайнім выпадку. Калі будзе вырашана, што нейкія факты вартыя публікацыі, мы зробім гэта праз Фэйсбук альбо самі зьвернемся да журналістаў. Усяму свой час. Так, гэта відавочна шкодзіць нашаму зьнешняму іміджу. Многія чакаюць гераічных гісторыяў, фатаздымкаў, відэаролікаў. Але ж вайна — гэта не дзіцячы садок. Людзі могуць быць забітыя, параненыя, выкрадзеныя спэцслужбамі, кінутыя ў турму ў Беларусі. Дакладна вядома, што сэпаратысты яшчэ ўлетку ад сваіх крамлёўскіх кіраўнікоў атрымалі ўстаноўку вылічваць беларусаў ва ўкраінскіх батальёнах. Хто б што ні казаў, ні крытыкаваў, мы ня будзем падстаўляць нашых людзей дзеля здабыцьця дадатковага сымбалічнага капіталу за кошт рэклямы. Часам даходзіць да камічнага. Так, „Укантакце“ людзі абмяркоўваюць адзін з фатаздымкаў „Пагоні“, абураючыся: маўляў, людзі ў масках на фота — гэта ніякая не „Пагоня“, а таварышы па службе зь іх баявой сотні. Вядома, ніхто на гэтыя абурэньні адказваць ня будзе, але тэндэнцыя зразумелая», — зазначыла Тацяна Елавая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG