Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызваліць палітвязьняў, адмяніць сьмяротнае пакараньне і рэпрэсіўныя законы – рэкамэндацыі праваабаронцаў Беларусі праз ААН


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch зьвярнулася ў Раду ААН у правах чалавек з прапановамі па Беларусі ў рамках пэрыядычнага агляду, абавязковага для ўсіх краін.

Human Rights Watch адзначае, што за пэрыяд пасьля папярэдняга агляду сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі значна пагоршылася, зьвяртаючы ўвагу на прэзыдэнцкія выбары 2010 і наступныя за імі рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірнага пратэсту і апазыцыйных актывістаў. «Беларусь працягвае выкарыстоўваць сьмяротнае пакараньне і жорстка абмяжоўваць свабоду слова і асацыяцый, у тым ліку праз перасьлед і запалохваньне журналістаў і абмежавальныя законы для недзяржаўных арганізацый (НДА)», — падсумоўвае Human Rights Watch

Праваабаронцы прапануюць прыняць наступныя заклікі да ўладаў Беларусі:

  • Усталяваць неадкладны мараторый на сьмяротнае пакараньне з пэрспэктывай яго поўнага скасаваньня; працягнуць пазытыўныя крокі ў кірунку рэформы, зробленыя стварэньнем парлямэнцкай рабочай групы па сьмяротным пакараньні ў 2012 годзе;
  • Неадкладна і безумоўна вызваліць Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Эдуарда Лобава, Ігара Аліневіча, Васіля Парфянкова, Мікалая Пракапенку, Мікалая Статкевіча і ўсіх іншых палітычных апанэнтаў, праваабаронцаў і актывістаў, якіх асудзілі выключна ў адплату за ажыцьцяўленьне імі сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, і забясьпечыць іх поўную рэабілітацыю; зьняць абмежаваньні на перамяшчэньне ды іншыя абмежаваньне, накладзеныя на палітычных зьняволеных, якія былі памілаваныя;
  • Забясьпечыць выкананьне Беларусьсю ўсіх палажэньняў Дэклярацыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб праваабаронцах і пакласьці канец усім формам перасьледу праваабаронцаў, уключна з адвольнымі затрыманьнямі і іншымі актамі помсты супраць праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці;
  • Забясьпечыць абсалютную забарону на катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня і прывесьці ўмовы ўтрыманьня пад вартай у месцах пазбаўленьня волі ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі;
  • Ініцыяваць заканадаўства, каб адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу, які накладае крымінальнае пакараньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі;
  • Унесьці далейшыя папраўкі ў закон «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях» і ў іншыя заканадаўчыя акты, якія рэгулююць працу НДА, каб гарантаваць, што яны празьмерна не абмяжоўваюць свабоду аб’яднаньняў; спрасьціць адміністрацыйны працэс рэгістрацыі НДА, і зьвесьці да мінімуму абавязаньні аб справаздачнасьці перад уладамі; дазволіць айчынным недзяржаўным арганізацыям рэгістравацца і функцыянаваць без неапраўданага ўмяшаньня;
  • Унесьці зьмены ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах» у адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі, якія забясьпечваюць, у прыватнасьці, што любыя санкцыі за парушэньні арганізацыі масавых мерапрыемстваў зьяўляюцца сувымернымі і не ствараць неабгрунтаваных перашкод для свабоды сходаў;
  • Дазволіць бесьперашкодны доступ у Беларусь для міжнародных назіральнікаў па правах чалавека, у тым ліку Спэцыяльнага дакладчыка ААН у пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, і іншых уладальнікаў мандатаў спэцыяльных працэдур;
  • Ратыфікаваць і ажыцьцяўляць Рымскі статут ў нацыянальным заканадаўстве, у тым ліку шляхам ўключэньня палажэньняў аб апэратыўным і поўным супрацоўніцтве зь Міжнародным крымінальным судом і аб расьсьледаваньні і судовым перасьледзе генацыду, злачынстваў супраць чалавечнасьці і ваенных злачынстваў у сваіх нацыянальных судах ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG