«З самых даўніх часоў над калыскай дзіцяці гучаў голас маці, бабулі, сястрычкі. Правобразам песьні-калыханкі была замова, якая сном-дрымотай агортвала немаўля. Калыханкі перадаваліся праз пакаленьні па ланцужку, які ледзь не абарваўся ў наш час, бо няшмат сучасных матуляў чула іх у сваім дзяцінстве, хіба толькі з тэлевізара.
Натуральны, прыродны, неапрацаваны гукавы лад бабуліных калыханак не вымагае нейкай спэцыяльнай музычнай адукацыі, ім лёгка авалодае любы чалавек. „Ладкі“, „гушкі“, пацешкі, забаўлянкі забясьпечаць добры настрой як дзеткам, так і бацькам. Прысутнасьць і гаючы голас матулі, знаёмыя вобразы, старажытная мэлёдыя, рытм, родная мова — простыя сродкі для стварэньня гармоніі і шчасьлівага дзяцінства. Калыханкі, пацешкі і забаўлянкі, якія прэзэнтуюцца на занятках, сабраныя ў экспэдыцыях у розных кутках Беларусі», — паведамляецца на адмысловай старонцы ў фэйсбуку.
Адзін з арганізатараў курсаў калыханкі, музыка Сяргей Доўгушаў расказвае карэспандэнту Свабоды:
«Наша мэта палягае ў тым, каб матулі сьпявалі дзеткам калыханкі, каб зь дзяцінства прывучалі дзетак да мовы, да мілагучнасьці, каб дзеткі чулі сапраўдныя беларускія сьпевы. Спачатку ўзьнікла ідэя стварыць трохдзённыя курсы са знакамітай выкладчыцай этнічнага сьпеву, фальклярыстам, этнографам Ірынай Мазюк. Я таксама дапамагаю. Усе песьні сабраныя ў экспэдыцыях па Беларусі. Мы вучым татуль, матуль сьпяваць калыханкі і забаўлянкі. Людзі зьбіраюцца кожны тыдзень, мы ўжо стварылі дзьве групкі — дзённую і вечаровую. Людзі прыходзяць, цікавяцца. На жаль, гэтая традыцыя была страчаная, і яшчэ бабулькі могуць нешта насьпяваць, а цяперашнія матулі, асабліва ў горадзе, гэтага ня ведаюць. Таму наша задача — навучыць».
Карэспандэнт: «А дзе праводзяцца заняткі?»
Доўгушаў: «Мы арандуем розныя памяшканьні. Вось у сераду а 12-й будзе „Чайная студыя“. Цяпер пачынаецца новы набор, і людзі могуць запісацца. А ў кастрычніку будзе ладзіцца „Сьпеўны сход“, і ён будзе прысьвечаны калыханцы і дзіцячаму фальклёру. Наша задача, каб людзей аб’ядноўвала песьня, каб людзі не баяліся сьпяваць беларускія песьні. Пасьля курсаў людзі ведаюць каля дзесяці калыханак з розных куткоў Беларусі. А калыханак у Беларусі вельмі многа».